Творчы росквіт Андрэя Федарэнкі. Пісьменніку — 50!

Андрэй Міхайлавіч Федарэнка. Фота Міраслава Адамчыка

Творчую індывідуальнасць Андрэя Федарэнкі ахарактарызаваць складана. Калі паспрабаваць скласці “псіхалагічны партрэт” пісьменніка паводле яго твораў, то вобраз атрымаецца надзвычай супярэчлівы. Эпік і лірык, іронік і сатырык, рамантык і рэаліст. Сціплы і амбітны. Надзвычай далікатны, чуйны, датклівы… І выключна жорсткі. Шчыры, як дзіця, і хітраванец, якіх свет не бачыў. Ён шматаблічны і непрадказальны. Бясспрэчна адно: Федарэнка па-сапраўднаму таленавіты.  

Яго талент быў заўважаны адразу. Пасля першых жа публікацый у часопісе “Маладосць” (у 1987 г.) пра А. Федарэнку імгненна “загаварылі”. Спачатку “кулуарна” – у рэдакцыйных кабінетах ды прыватных літаратурных кампаніях. А крыху пазней, пасля выхаду кнігі “Гісторыя хваробы” (1989), яго творчасць прыцягнула ўвагу крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Гэта натуральна, бо ўжо ў дэбютнай кніжцы малады пісьменнік красамоўна “заявіў” пра свой эпічны талент, прадэманстраваў здольнасць да глыбокага псіхалагічнага аналізу і мастацкай тыпізацыі характараў.

У артыкуле “Агрэсія формы. Стылёвыя пошукі маладой прозы” (1991) літаратуразнаўца Людміла Корань слушна заўважыла: “Спосаб апавядання А. Федарэнкі, як і ўсе, здаецца, вядомыя спосабы апавядання ў свеце, з абсурдысцкімі ўключна, сто разоў апісаны лепшымі даследчыкамі класічнай псіхалагічнай прозы як рускай, так і замежнай. Гэта тая манера апавядання, калі пісьменнік паказвае адносна аўтаномную, асінхронную да праяў знешняга свету плынь унутранага жыцця чалавека, з абавязковым у той жа час паказам гэтага самага аб’ектыўнага пачатку – знешняга жыцця. Сам прынцып, такім чынам, не новы. Штука ў тым, каб адкрываць кожны раз нанова ў рэальным жыцці гэтыя сутнасныя “счапленні” розных з’яў і знаходзіць сродкі адэкватнага перакладу адкрытага на паперу. Выяўленчыя сродкі А. Федарэнкі якраз і даюць мажлівасць убачыць, як, з чаго склалася тое, што спраўдзілася, што маеш як факт, як падзею, як вынік, – тое, чаго ніхто не чакаў. Уражвае здольнасць маладога аўтара ўбачыць, асэнсаваць і напісаць жыццёвую з’яву ва ўсім перапляценні рознаўзроўневых узаемасувязей, абумоўленасцей, імпульсаў ва ўсёй уплеценасці ў жыццё”.

Дарэчы, тады, у пачатку 1990-х, такіх высокіх ацэнак прозы А. Федарэнкі (публічных, ва ўсякім разе) амаль не было. Хутчэй, наадварот, прагнозы адносна далейшага лёсу пісьменніка рабіліся вельмі няпэўныя. Бо вядома, талент – талентам, але ж надта няпроста вызначыць, наколькі хопіць патэнцыялу ў маладога мастака, каб “кожны раз нанова” адкрываць з’явы жыцця, няпроста прадказаць спраўдзіцца ён ці адно “блісне” яркай знічкай… 

Што ж, сёння, праз чвэрць стагоддзя пасля выхаду дэбютнай кніжкі, думаецца, ужо ні ў кога не засталося сумневу, што А. Федарэнка спраўдзіўся і з’яўляецца адным з найвыбітнейшых майстроў у беларускім прыгожым пісьменстве.

…Кажуць, пра што б ні пісаў пісьменнік, ён заўсёды піша пра сябе. У адносінах да А. Федарэнкі гэтую крылатую фразу можна ўспрымаць амаль літаральна, бо шмат якія з яго твораў маюць аўтабіяграфічны характар. Да іх ліку належаць аповесці “Гісторыя хваробы”, “Вёска”, “Пра аднаго пісьменніка”, эсэ “З кошыкам, або Гісторыя ненапісанай аповесці”, раман “Рэвізія”, шматлікія апавяданні. У той жа час ніводзін з названых твораў не з’яўляецца літаральным жыццяпісам аўтара, фактычна ў кожным з іх пераважае мастацкі вымысел. Інакш кажучы, аўтабіяграфічны элемент прысутнічае, але ён падпарадкуецца творчай задуме, выступае матэрыялам пабудовы мастацкага сюжэта. Нават пра раман-эсэ “Мяжа” нельга сказаць, што ён з’яўляецца абсалютным адлюстраваннем рэальнага жыцця аўтара, хаця ў гэтым творы непасрэдны аўтабіяграфізм дамінуе над мастацкім фактам. <...> Менавіта “Мяжа” дазваляе найбольш аб’ектыўна зразумець саму сутнасць асобы аўтара, манеру яго пісьма і лад мыслення.  

Раман-эсэ быў надрукаваны пяць год таму (асобнай кнігай выдадзены ў 2011 г., але ў часопісе “Полымя” друкаваўся ў 2009 г.). Паводле сведчання аўтара, асноватворным “імпульсам”, які прымусіў яго “азірнуцца на сваё жыццё” – узяцца за напісанне аўтабіяграфіі – стала ўзроставая “мяжа”: “Сорак пяць... Сур’ёзная лічба. Крытычная, небяспечная мяжа. З ёю не пажартуеш. Не па мне былі, хто гэтай мяжы нават не перасёк, — першыя імёны, якія прыходзяць у галаву: Чэхаў, Мапасан... Шукшын? І Шукшын. Зрэшты, хіба ў нас сваіх не хапае? Палуян, Багдановіч, Калюга... І тыя, хто дасягнуў гэтага слупа і проста на памежжы, на пагранічнай паласе зваліўся: Чорны, Гарэцкі... І тыя, хто ненамнога яе перасягнуў: Сыс, Пісьмянкоў, Асташонак... <…> Карацей: заступіўшы адной нагой на мяжу са слупам з лічбаю «45», адчуў я цягу да падрахункаў, чысткі, рэвізіі — у галаве, у жыцці, у літаратуры, пачаў перабіраць, пераглядаць папкі з рэалізаваным і нерэалізаваным, розныя канспекты, планы, чарнавікі, пісьмы, дзённікі, скідваць сёе-тое на кампутар, не надта задумваючыся, навошта”. Зачын твора, як бачна, не надта аптымістычны. Усё – і “мяжа”, і “падрахункі”, і “рэвізія” – непасрэдна ўказваюць калі не на канчатковую завершанасць творчага працэсу, то, як мінімум, на творчы крызіс ці дэпрэсію. Калі не браць пад увагу ранейшыя творы А. Федарэнкі, то гэтаму прызнанню аўтара можна было б даць веры. (І сёй-той, між іншым, у гэта насамрэч паверыў! І смешна, і прыкра было чытаць у некаторых рэцэнзіях, што, маўляў “Федарэнка выпісаўся”, што ён “сыходзіць з літаратурнай дыстанцыі” і да таго падобнае). Але прыгадаем некаторыя творы пісьменніка, што папярэднічалі “Мяжы”, і ў якіх ён паспяхова выкарыстаў гэтую ж мастацкую “стратэгію”.

Звернемся, напрыклад, да рамана “Рэвізія”, які зрабіўся сапраўднай з’явай у беларускай літаратуры пачатку ХХІ стагоддзя, і дзе ў вобразе галоўнага героя Алеся Трухана/Трухановіча яўна пазнаецца аўтар. У гэтым творы А. Федарэнка наладзіў адмысловую рэвізію, выступіўшы ў трыадзінай іпастасі “аўтар – герой – рэвізор”. Яго рэвізія ў пэўнай ступені была прысвечана дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Тутэйшыя”, але, безумоўна, не абмежавалася адно падсумаваннем творчых набыткаў Таварыства. Па сутнасці пісьменнік зрабіў спробу мастацкага асэнсавання агульных заканамернасцей у працэсе развіцця айчыннай літаратуры, агляду яе тэматычных і вобразна-выяўленчых абсягаў, а паралельна з гэтым паспрабаваў адказаць на самыя актуальныя для мастака пытанні: у чым сэнс і мэта мастацкай творчасці; ці варта ўвагі (а галоўнае − духоўных высілкаў) тое, што мы (я) робім; як і пра што трэба пісаць?.. Інакш кажучы, пісьменнік выступіў у творы ў ролі гісторыка літаратуры і яе крытыка.

Ключавым канфліктам рамана стала палеміка вакол беларускай літаратурнай класікі. Адзін з герояў, іранізуючы з традыцыі, заяўляў: “...Бо ведаю, што адгарну любую кнігу і ў соты раз прачытаю, як у Замошшы, што каля Заполля, на ўзлеску Востраверхай пушчы каля Мікіцішынага калодзежа, дзе Дзянісава палянка, Сёмкаў дуб, вячысты, рачысты, разложысты, спракавечны, караністы і гэ-дэ і да бясконцага тэ-пэ, раскінуўся гожа і высока, і шырока, і далёка, і Іванка помніць яшчэ тыя часы, калі быў малы і бацька саджаў яго на бухматы воз сена, які плыў пад дубам, і каржакаватыя яго галіны чаплялі сена і збівалі з малога шапку...”. Крыху пазней герой твора быццам бы пачынае сумнявацца ў сваіх крытычных ацэнках, імкнецца глыбей асэнсаваць рэчаіснасць. І ўрэшце прыходзіць да высновы: “Не тым цікавая палянка, што яна Данілава ці Мікіцішына, а тым, хто на яе ў дадзены момант пазірае, праз чые вочы, розум і душу яна перадаецца”. Гэтай выснове аўтара цяжка запярэчыць. Бо цудоўна вядома, напрыклад, што адну і тую ж падзею (тэму ці праблему) браліся адлюстроўваць адразу з дзясятак пісьменнікаў. Але ў гісторыю літаратуры ўвайшлі толькі адзін-два творы – тыя, у якіх падзея была адлюстравана па-мастацку таленавіта: вобразна і ярка, шматгранна і шчыра… цікава, у рэшце рэшт! А іншыя мастацкія ўзоры сышлі ў маргіналіі. Інакш кажучы, не бывае банальных тэм. Іх баналізуюць (альбо актуалізуюць) самі пісьменнікі.

 Дарэчы, гэтая “тэарэтычная” тэза, арыгінальна ўвасобленая ў рамане “Рэвізія”, віртуозна выкарыстана А. Федарэнкам у эсэ “З кошыкам, або Гісторыя ненапісанай аповесці” – тут пісьменнік ужо “на практыцы” дэманструе, што ў літаратуры няма “вытаптаных дзялянак”, кожную тэму магчыма адлюстраваць па-новаму. У гэтым творы аўтар выступае наўпрост ад уласнага імя і дзеліцца асабістай гісторыяй: “Прыдумаў я аднойчы аповесць “З кошыкам”, лірычную, пра грыбы. І мо месяц насіўся са сваёй задумкаю, жыў ёю, усяляк адцягваў выкананне яе, а калі навальваліся праблемы, забівала тлумам галаву, тады ў патаемным куточку душы ўспыхвала – у цябе ж “радасць” наперадзе! <..> Ну і што, што тэма не новая? Я пастараюся не паўтарацца”. Але неўзабаве надараецца прыкрая гісторыя: “Прысылаюць мне з Масквы часопіс “Дружба народов”, №7, 2004 г., з перакладам майго апавядання. Але ледзь толькі я прабег вачыма змест на вокладцы, так на тое апавяданне забыўся, так іншае кальнула ў сэрца... Невядомы Барыс Васілеўскі. Аповесць “Апошняе паляванне”, з падзагалоўкам “Сёе-тое з жыцця грыбоў, а заадно і людзей”. Але хіба так бывае? Хіба праўда, што думкі, і творчыя замыслы, і сюжэты могуць перадавацца на адлегласці, як і магнітныя, і радыё-хвалі? Тады чым растлумачыць, што адзін-адзіны раз за апошнія дзесяць гадоў узяў у рукі тую “Дружбу народов” і адразу ж наляцеў на гатовае, матэрыяльнае ўвасабленне сваёй задумкі? <...> Была яшчэ, праўда, крохкая надзея – можа, памыляюся? Можа, так сабе творчык, у іхнім маскоўскім стылі, з усімі іхнімі цяперашнімі літвыкрунтасамі? <...> І з кожным новым сказам, абзацам, эпізодам сумненні знікалі. Я бачыў перад сабою ўласную будучую аповесць, толькі чужым прозвішчам падпісаную. Ды яшчэ выкананне было, бадай, лепшае, чым магло б быць у мяне. <...> З усіх бакоў, па ўсіх пунктах я бачыў сябе абкрадзеным. Не матэрыяльна, вядома, не ў сэнсе плагіяту, не – проста здавалася, у мяне адабралі тую самую дзіцячую “радасць”, з якой так прыемна насіцца і дзякуючы якой крыху лягчэй жыць на свеце”.

Такім чынам, пісьменнік сведчыць, што яго творчая задума фактычна была ўвасоблена іншым аўтарам, і ў яго ўжо няма шанцу на яе рэалізацыю. Але далей, аналізуючы аповесць Барыса Васілеўскага і ў нечым з ім палемізуючы, А. Федарэнка вяртаецца да сваіх уласных уражанняў, назіранняў. Ён згадвае шматлікія неардынарныя “грыбныя” гісторыі, якія калісьці надарыліся асабіста з ім, вядзе гаворку пра літаратурныя традыцыі ўвасаблення гэткіх гісторый. І што ўрэшце? А ўрэшце пісьменнік стварае адмысловы мастацкі ўзор – арыгінальны і паводле зместу, і паводле формы! – і дэманструе, як банальная тэма, мноства разоў адлюстраваная ў літаратуры, можа выявіцца зусім па-новаму. <...>

Асноўнай праблемай рамана-эсэ “Мяжа”, думаецца, зрабіўся пошук адказу на самае важнае для пісьменніка пытанне: “Як я стаў тым, кім стаў?” <...> 

Зразумела, найперш увага пісьменніка скіравана да дзіцячых гадоў. Ён даводзіць, што адтуль – з вёскі – большасць яго ўражанняў. Гэта не толькі назіранні за прыродай ці замілаванні відарысамі, не толькі захапленні традыцыйнымі для вясковых дзяцей гульнямі ці гаспадарскімі абавязкамі, але і вельмі каштоўны вопыт чалавечых адносінаў. У вёсцы – усё навідавоку, там цяжка нешта ўтаіць. І менавіта той дзіцячы досвед крыху пазней зробіцца асноватворным грунтам творчасці. А. Федарэнка вытлумачвае, што першымі ўзорамі “творчай” практыкі ў яго былі гульні ў “перастварэнне” рэальных жыццёвых гісторый. Разам з сябрам, дзеля забаўкі, яны выдумлялі анекдатычныя показкі пра вяскоўцаў, пра ўласных настаўнікаў і аднакласнікаў. Пісьменнік прысвячае гэтым успамінам адзін з самых вялікіх раздзелаў твора – “Адзін зімовы дзень”. <...>

Творчы дэбют – адзін з найбольш уражлівых момантаў у жыцці мастака. А. Федарэнка расказвае, з якой рэальнай жыццёвай сітуацыі ўзнікла яго дэбютнае апавяданне і як яно было сустрэта крытыкай: “Усе водгукі, якія з’явіліся на маё першае ў жыцці «Сачыненне», былі адмоўныя. Захаваўся адзін. Анатоль Сідарэвіч. «Творы двух дэбютантаў — 23-гадовага студэнта Андрэя Федарэнкі і старэйшага за яго на дваццаць гадоў Г. Станкевіча — надрукаваны ў студзені і ў лютым. Што запомнілася? Фабула <…> Федарэнкавага апавядання пра сачыненне. Вучань напісаў самастойнае, арыгінальнае сачыненне. Выкладчыца падумала, што ён яго спісаў, і паставіла вучню «адзінку». Хацеў бы і я, чытаючы Федарэнкаву публікацыю, не паверыць і спытаць: «Няўжо аўтару ўсяго дваццаць тры гады?» І ўжо напэўна я не паўтарыў бы памылку тае настаўніцы...”

Вельмі выразна, па-свойму эмацыйна вытлумачвае А. Федарэнка тое магутнае (амаль што вызваленчае) пачуццё, калі аб’ектыўна ўсвядоміў, чым хоча займацца ў жыцці, да чаго ляжыць душа. Так, ён пісаў і раней, ды толькі ставіўся да гэтага занятку не ўсур’ёз, хутчэй, як да тых дзіцячых “гульняў-перастварэнняў”, як да забаўкі. А пытанні выбару далейшага жыццёвага шляху неадступна даймалі яго, вярэдзілі: “Пара ўжо зразумець, дзе, з кім, у якім свеце я жыву і збіраюся жыць далей. Кім мне стаць у гэтым свеце? Прарабам? Доктарам, загадчыкам аддзялення? Следчым? Ці далучыцца да кампаніі і «мачыць» каго-небудзь групаю?.. Без жартаў. Трэба ведаць, кім хочаш стаць, і тады толькі можна выжыць”. Як сведчыць аўтар, на яго рашэнне прысвяціць жыццё літаратурнай творчасці ў вялікай ступені паўплывалі ўвага і словы падтрымкі з боку вядомай пісьменніцы, рэдактара аўтарытэтнай рэспубліканскай газеты: “І вось – сіні вялікі канверт са штэмпелем «Чырвонай змены». Пісьмо на афіцыйным бланку. Мой абразок быў на старонку, а адказ – на тры машынапісу праз адзін інтэрвал. «Талент... разуменне прыроды... пранікненне ў псіхалогію... пішыце»... Падпісана Вольгай Іпатавай. Дзе б ні быў, Воля Міхайлаўна, кім бы ні стаў, ніколі не забуду Вам гэтага, светлая мая... <...> Я знайшоў сябе. Я цяпер ведаю, кім буду. Як мне жыць. Хто будзе мяне акружаць. У гэтым сінім канверце — мой новы, бясконца сіні свет”<...>

А зараз варта спраўдзіць, якія творчыя набыткі займеў А. Федарэнка за гэтыя пяць год, што прайшлі з моманту друкавання “Мяжы”. Інакш кажучы, ці ж з’явілася ў яго тое “другое дыханне”...

Мяркуйце самі.

У 2012 г. пісьменнік выдаў кнігу прозы “Ланцуг” (у якую ўвайшлі шэсць аповесцей) і зборнік літаратурных эсэ “Сечка”. Пераклаў на рускую мову кнігу “Афганская шкатулка”. У 2013 г. выдаў зборнік выбраных твораў “Вёска” і надрукаваў шэраг твораў у літаратурна-мастацкіх часопісах. Пры гэтым можна без перабольшання сказаць, што фактычна кожная публікацыя рабілася літаратурнай падзеяй. Аповесць “Ціша”, напрыклад, якая выйшла ў “Маладосці” (№ 7), адразу ж выклікала рэзананс у літаратурных колах. Гэта аповесць “двухадрасная”, яна з аднолькавай цікавасцю чытаецца і падлеткамі, і дарослымі. Кожны чытач, натуральна, знаходзіць тут свае сэнсы, бо твор шматмерны і шматузроўневы, надзвычай канцэнтраваны паводле зместу. У ім выключна глыбока распрацаваны характары, арыгінальна выбудаваны сюжэт – складаныя падзеі “дарослага” жыцця і нават пытанні аксіялагічнага кшталту выяўлены праз свядомасць дзіцяці...  

Альбо аповесць “Дзядзька Адольф”, надрукаваная напрыканцы 2013 г. у “Дзеяслове” (№ 67), у якой вобраз галоўнага героя атрымаўся настолькі неадназначным, што яго “ідэнтыфікацыі” палягаюць у дыяметральна супрацьлеглых маральна-этычных каардынатах. Некаторыя чытачы, напрыклад, лічаць героя шараговым правінцыйным няўдачнікам – наіўным, крыху абмежаваным, не надта шчаслівым, які заслугоўвае адно спачування ды шкадавання. Іншыя схільны бачыць у ім “маленькага фюрэра” – беспадстаўна амбітнага, эгаістычнага і эгацэнтрычнага, жорсткага, няздольнага не толькі да любові, але нават да элементарнага спачування… Ізноў усё ў стылі Федарэнкі – шчыра і проста, шматзначна і складана. Віртуозна, адным словам.

Такім чынам, ёсць усе падставы сцвярджаць, што сваё пяцідзесяцігоддзе А. Федарэнка сустракае ў творчым росквіце. У яго ёсць фактычна ўсё, пра што можа марыць пісьменнік – талент, плён, запатрабаванасць, прызнанне крытыкаў і літаратуразнаўцаў, чытацкая ўвага і павага. Чаго ж можна пажадаць такому пісьменніку з нагоды слаўнага юбілею? …

Згадваецца, як цёпла напісаў Федарэнка ў заключным раздзеле “Сечкі” пра Янку Брыля, які “здолеў усё, што трапляла ў поле яго зроку, падпарадкаваць любімай справе”. Вось і самому Федарэнку хочацца пажадаць таго, пра што ён з белай зайздрасцю пісаў у дачыненні да жыцця і творчасці Брыля: “…Пахадзіць па свежай пакошы, папіць у спёку халоднага малака нагбом з паліванай гладышкі, паслухаць рып маладога снегу пад падэшвамі, пасумаваць разам з жоўтым восеньскім лістом, памацаць у пальцах клейкую пахкую веснавую пупышку, пачытаць любімую кнігу, няспешна, роўным прыгожым почыркам запісаць усё гэта…”

Лада Алейнік, для lit-bel.org

Поўную версію артыкула можна будзе знайсці ў часопісе "Дзеяслоў" (№ 68), які рыхтуецца да друку. Чытайце пра творчасць Андрэя Федарэнкі і ў наступнай "Літаратурнай Беларусі".