Творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»

У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся шэраг творчых сустрэч. 19 сакавіка ў Смаргонскую музычную школу завіталі перакладчык Ігар Крэбс і пісьменнік Уладзімір Арлоў. Цёплая сустрэча: размова пра творчасць, слаўную гісторыю беларусаў, віктарына па асноўных падзеях БНР, аўтограф-сессія – госці зарадзілі сваім пазітывам навучэнцаў на ўвесь тыдзень. Але і сустракаючы бок адплаціў творцам: у іх гонар спяваліся песні, чыталіся вершы, шэраг пытанняў паказаў, што творчасць спадара Уладзіміра добра знаёмая смаргонцам.

Гэтым жа днём у СШ № 4 г. Баранавічы адбылася яшчэ адна цёплая творчая сустрэча – да школьнікаў завітала намеснік старшыні абласнога літаб’яднання “Берасцейшчына”, паэтка Валянціна Осіпава. Тут адбылася прэзентацыя новай кнігі Таццяны Яцук “Груша над абрывам”. Аматары паэтычнага слова, якія сабраліся тут, з задавальненнем чыталі вершы, слухалі песні на словы баранавічскіх паэтаў у выкананні мясцовых спявачак. Галінай Пятроўнай Яхант у свой час у школе быў арганізаваны музей імя Валянціна Таўлая, у якім прадстаўлена многа цікавых звестак з гісторыі і культуры Беларусі і Берасцейшчыны. Аднымі з найбольш уражлівых экспанатаў з’яўляюцца вытканыя партрэты Кастуся Каліноўскага, Рамуальда Траўгута, Антанаса Мацкявічуса, Яраслава Дамброўскага і іншых знакавых асоб. А арганізавала паэтычнае свята кіраўнік мясцовай літаратурна- музычнай гасцёўні “Крыніца” Раіса Раманчук. На сустрэчы не абмінулі ўвагай і 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – спадарыня Валянціна задавала цікавыя і складаныя пытанні і была ўражана поўнымі і хуткімі адказамі.

20 сакавіка сапраўднае свята ў гонар 100-годдзя БНР і слаўнай гісторыі нашай бацькаўшчыны адбылося ў Іжаўскай сярэдняй школе (Вілейскі раён). Сюды завіталі дудар Барышнікаў Яўген, рэканструктары Андрэй Дундукоў і Юрый Усціновіч. У школьнай актавай залі разыгралася сапраўднае прадстаўленне: рыцары паказвалі двубой на шаблях, грала беларуская дуда, гледачы не проста сядзяць і назіраюць – яны актыўныя ўдзельнікі імпрэзы: адказваюць на пытанні, спрабуюць свій спрыт у конкурсах, намагаюцца авалодаць тэхнікай ігры на дудзе… Акіян эмоцый, усмешак, памятныя падарункі і, галоўнае, - веды па роднай гісторыі, якія дазваляюць ганарыцца сваім мінулым і з упэўненасцю глядзець у будучыню.

Гэтым жа днём у бібліятэцы імя Васіля Віткі адбылася сустрэча навучэнцаў 9-10-х гласаў СШ № 105 з драматургам, пісьменнікам і педагогам Васілём Дранько-Майсюком, прымеркаваная да Сусветнага дня паэзіі.

На прыкладзе з жыцця і творчасці Якуба Коласа, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча і Уладзіміра Мулявіна, спадар Васіль у яркай інтэрактыўнай форме расказаў пра тыя несумненныя перавагі, калі ты адчуваеш сябе нацыянальна свядомай асобай, адметнай і незалежнай. Госці бібліятэкі слухалі выступоўцу на адным дыханні і нават забылі пра свае айфоны ды планшэты.

Застаецца спадзявацца, што калі яны прыйдуць дамоў, то не забудуць тых аўтараў, пра якіх вялася размова і пачнуць адкрываць для сябе шмат новага ў бязмежна-натхняльнай прасторы беларускай літаратуры.

Акрамя ўсяго, 20 сакавіка – Міжнародны дзень шчасця. Хто хоча быць шчаслівым? УСЕ. А вучні 3 класа, якія завіталі ў гэты дзень у бібліятэку №14, дакладна ведаюць рэцэпт шцасця. Таму, што яны апынуліся на прэзентацыі кнігі шведскай пісьменніцы Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю”. Напачатку некалькі слоў пра пераклад кнігі і пра складанне вершаў распавёў адзін з перакладчыкаў кнігі – Андрэй Хадановіч. Пасля паэт прачытаў свой вершык і кавалак з кнігі, а дзеткі дапамагалі яму з рыфмамі. Потым акторкі тэатра “Лямцавая Батлейка” Вераніка Фаміна і Бэла Кавалькова тэатралізавана прадставілі першую частку СУПЕРКНІГІ. А рэцэпт шчасця просты – 7 хвілін абдымкаў у дзень. Усе пад вясёлую музыку пачалі абдымацца – і кожны атрымаў медаль-налепку на памяць.

21 сакавіка – Сусветны дзень паэзіі. І гэтае свята адзначалі ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага разам з “Будзьма беларусамі!” навучэнцы дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўніцтва № 10 і сярэдняй школы № 105. З расповедам пра паэзію Алеся Разанава сюды прыехаў беларускі пісьменнік, адказны сакратар часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка. Госці бібліятэкі даведаліся не толькі пра выключную постаць сучаснай беларускай паэзіі, але і пра новыя формы: вершасказы, пункціры… На сустрэчы гучалі вершы Алеся Разанава, спадар Анатоль распавядаў пра асаблівасці яго творчасці і цікавыя выпадкі з біяграфіі. Але гледачы-слухачы не былі пассіўнымі ўдзельнікамі сустрэчы – яны адказвалі на пытанні віктарыны ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, чыталі вершы на памяць, разам з Анатолем спявалі “Куру-Шчабятуру”. Больш падрабязна гл.тут

22 сакавіка. 75 гадоў таму адбылася хатынская трагедыя. Гэтай няпростай, жалобнай тэме быў прысвечаны выступ драматурга і акцёра Васіля Дранько-Майсюка ў бібліятэцы імя Астроўскага ў рамках грамадска-культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!". Навучэнцы СШ № 101 і дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўніцтва № 10 разам з госцем намагаліся разабрацца: як зрабіць, каб нават у самых жудасных умовах захаваць чалавечнасць? Як "не стаць скотам"?

Самае страшнае, паводле Васіля, гэта тое, што на месцы карнікаў з 118-га батальёна мог быць любы з нас. Яны не былі монстрамі, іншапланетнымі прышэльцамі. Не ўсе мелі садысцкія схільнасці і любоў да гвалту, але, тым не меней, зрабілі страшнае, каб затым, пасля вайны... спакойна жыць, мець сем'і, заставацца добрымі работнікамі, цудоўнымі бацькамі і расказваць дзеткам пра жудасці вайны... Гэтыя ды іншыя няпростыя і балючыя пытанні былі ўзнятыя на сустрэчы. Больш падрабязна гл. тут

Непасрэдна напярэдадні свята 100-годдзя БНР у Маладзечна з дапамогай грамадскага актывіста Алеся Капуцкага быў зарганізаваны канцэрт Таццяны Матафонавай. Спевы, выступ гісторыка Ігара Мельнікава, пачуццё еднасці і гонару за сваю краіну – такой была святочная імпрэза 24 сакавіка.

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!