Творы Караткевіча выдадуць у 25 тамах. Выйшлі ўжо 4 кнігі

Злева направа: Віктар Шніп, Пятро Жаўняровіч, Анатоль Верабей

На сёння выйшлі ўжо чатыры кнігі са Збору твораў Уладзіміра Караткевіча, які павінен стаць найбольш поўным навукова каментаваным выданнем – першы і другі тамы паэзіі, а таксама чацвёрты і пяты – аповесці і легенды. Трэці том, які ўключае апавяданні і казкі, навукоўцы не паспелі зрабіць своечасова, але абяцаюць выдаць неўзабаве. Увесь 25-томнік плануюць скончыць у 2020 годзе, да 90-годдзя класіка.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп распавёў, што адноўленая такая пазабытая сёння з’ява, як кніжная падпіска, хоць большасць людзей усё адно шукае тамы па кнігарнях.

Анатоль Верабей, кіраўнік выдання, распавёў пра ўнікальныя матэрыялы, якія ўвойдуць у Збор твораў упершыню: “У папярэднім 8-томніку 1987-1991 гадоў быў толькі адзін паэтычны том, цяпер іх два. Папоўніцца таксама проза і драматургія, з’явяцца новы том перакладаў і аўтаперакладаў, два тамы ліставання, публіцыстыкі, кінасцэнары, тры тамы лібрэта. 20-ты том будзе складацца з малюнкаў Караткевіча. Плануем таксама выдаць дыскі з запісамі вершаў і песень пісьменніка, бо ў яго ж быў цудоўны барытон! Будзе і відэа-дыск, з яго выступамі на беларускім тэлебачанні, у Саюзе пісьменнікаў, а таксама здымкі ў фільме. Таксама, калі кнігі будуць раскупленыя, плануем зрабіць электронную версію тамоў”.

Анатоль Верабей больш падрабязна распавёў пра першыя два паэтычныя тамы, якія ён укладаў: “У іх ёсць творы, якія не друкаваліся пры жыцці пісьменніка. Напрыклад, словы да паланэза Агінскага, напісаныя ў 1965 годзе пасля наведвання Залесся. Усе ведаюць тэкст Сокалава-Воюша, але ёсць і Караткевіча”. Таксама ў тамы паэзіі ўвойдуць калядныя і велікодныя вершаванні сябрам, эпіграмы і нават наследаванне Сыракомлю, якое Адам Мальдзіс уключыў у сваю аповесць “Восень пасярод вясны”, пазначыўшы аўтарства Сыракомлі, на што многія даследчыкі купіліся.

Пятро Жаўняровіч, які працаваў над чацвёртым і пятым тамамі прозы, распавёў, што тэксты ў новым выданні аднаўляліся паводле рукапісаў і машынапісаў Караткевіча і ў многім адрозніваюцца ад цэнзураваных у савецкія часы выданняў.

“Цяпер новыя кнігі Караткевіча будуць выходзіць ужо паводле тэкстаў, апублікаваных у Зборы твораў. Тое ж тычыцца і перакладаў: многія з іх варта перагледзець, бо яны рабіліся з адцэнзураваных тэкстаў. Увогуле раю ўсім набыць гэтыя тамы, бо асобныя знаёмыя вам творы чытаюцца ў іх зусім па-іншаму”.

На прэзентацыю прыйшла і пляменніца Караткевіча Алена Сінкевіч:

“Для мяне гэты дзень, 26 лістапада, больш сумны, чым радасны. Майму дзядзьку было ўсяго толькі 53 гады, калі ён пайшоў з жыцця. Таму мне крыху няёмка, калі мяне віншуюць са святам. Мне і дагэтуль цяжка ставіцца да яго як да абстрактнай асобы, усё ж гэта вельмі блізкі чалавек. Я памятаю яго з дзяцінства, калі ён малады, вясёлы прыязжаў да нас у Чалябінск. Ён быў, як сонейка. Помню і апошнія яго дні, калі ён быў ужо у цяжкім стане. Але памяць пра яго светлая, ён не ўмеў, ды і не хацеў прыстасоўвацца да жыцця. Таму лёс яго быў складаны. Але я заўсёды лічыла, што гісторыя расставіць усё па сваіх месцах. Сёння Уладзімір Караткевіч – адзін з любімых пісьменнікаў Беларусі”.

Напрыканцы імпрэзы госці запыталіся, дзе можна набыць кнігі 25-томніка. На новыя тамы можна яшчэ аформіць падпіску, а папярэднія варта шукаць у кнігарнях. Штопраўда, першыя тамы, паводле словаў Віктара Шніпа, ужо раскупленыя.

Аляксандра Дорская

Фота: Зарына Кандрацьева

budzma.org