У “Абменніку” Хадановіча — выгадны паэтычны курс

На сайце кампаніі “Будзьма беларусамі” ўпершыню прэзентаваны для свабоднага запампоўвання дыск паэта Андрэя Хадановіча “Абменнік”, які пабачыў свет у 2007 годзе і ўжо амаль адсутнічае на паліцах крамаў. У складанку ўвайшлі як вершы самога Андрэя Хадановіча, так і творы пяці знакамітых замежных паэтаў, перакладзеных ім на беларускую мову. Усяго кружэлка змяшчае 35 вершаў, агульная працягласць гучання складае 44 хвіліны.

Андрэй Хадановіч

 

З нагоды прэзентацыі дыска ў сеціве Андрэй Хадановіч пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў:

Сцяпан Панаеў: Андрэю, дыску ўжо амаль 4 гады, ці не страцілі паасобныя творы на ім і ўся канцэпцыя актуальнасць?

Андрэй Хадановіч: Трэба сказаць, што самому аўтару зрэдку (недзе раз на год) бывае прыемна гэты дыск паслухаць. Штось падабаецца болей, штось меней, штосьці, зразумела, раздражняе (цяпер бы напісаў, пераклаў і прачытаў іначай), а нешта здзіўляе нейкімі новымі, нябачнымі 4 гады таму сэнсамі. Некаторыя з гэтых вершаў – як уласных, так і перакладаў – я чытаю на выступах, і, здаецца, аўдыторыя ўспрымае іх добра, прынамсі, цярпіць. Адказнасць за дыск я дзялю разам з Дзімам Дзмітрыевым. Ён прыдумаў канцэпцыю, зрабіў аранжыроўкі, якія падкрэсліваюць сэнсы, расстаўляюць акцэнты, а дзе-нідзе ствараюць кантраст. Дзіма сам паэт і ўважліва ставіцца да паэтычнага тэксту, таму я часам зайздрошчу таму чалавеку, які чытае вершы на дыску “Абменнік” з густоўнай аранжыроўкай Дзмітрыева. Не мне ацэньваць уласныя тэксты, але што датычыць іх музычнага афармлення, а таксама самой ідэі аўдыёвершаў з аранжыроўкай – усё гэта адназначна актуальна і сёння.

 

С.П.: Чым Вы кіраваліся, выбіраючы вершы і пераклады для дыска?

А.Х.: Паасобныя тэксты на дыску маглі б быць іншымі, але магу сказаць, што пераклады былі б з тых самых пяці моваў (шостай магла б стаць грузінская). Пяць прадстаўленых на дыску аўтараў – гэта адны з самых любімых мною паэтаў. Да таго ж, мне хацелася, каб на дыску былі аўтары з розных эпохаў – ад Джона Дона (сямнаццатае стагоддзе) да жывых Юрыя Андруховіча і Альвідаса Шляпікаса. Хацелася, каб не было аднастайнасці, каб былі як традыцыйна (пажадана віртуозна) рыфмаваныя вершы, так і верлібры, бо яны патрабуюць рознай працы ад перакладчыка, а потым вельмі па-рознаму слухаюцца. Да таго ж, дыск складзены так, каб пераклады з прадстаўленых паэтаў у нечым перагукаліся з маімі ўласнымі тэкстамі.

 

С.П.: У дыска ёсць нейкая адметнасць? Штосьці, па чым яго можна пазнаць?

А.Х: Калі параўноўваць з маім другім дыскам, з “Несіметрычнымі снамі” (неўзабаве таксама з’явіцца на нашым сайце – Б.Р.), дзе ёсць, скажам, рэпападобныя тэксты, якія могуць выйграць ад аўтарскага чытання ўголас, дык тут, на “Абменніку”, тэксты збольшага лірычныя. Гэта больш класічны, больш камерны зборнік. Тут у асноўным  сабраныя вершы, якім найбольш утульна было б на паперы. Таму, як на мяне, гэты матэрыял патрабаваў не абы-якіх высілкаў ад Дзімы Дзмітрыева, але ён бліскуча справіўся.

 

С.П.: З 2007 года беларускі рубель перажыў, здаецца, дзве дэвальвацыі. Скажыце, як паўплываў на гэта “Абменнік”?

А.Х.: Ведаеце, і беларуская паэзія, і беларускі рубель перажывалі ў сваёй гісторыі і не такое… Калі б можна было падняць ці абваліць рубель выпускам аўдыёкніжкі, усе нашы аўтары толькі б тым і займаліся. Вядома ж, мне хацелася канвертаваць, скажам, Джона Дона з ангельскай на беларускую па самым выгадным для нашых чытачоў/слухачоў паэтычным курсе. Наколькі атрымалася, мяркуйце самі.

 

Пра дыск “Абменнік”

Дыск змяшчае 35 трэкаў, агульная працягласць гучання – 44 хвіліны.

Сюды ўвайшлі вершы Андрэя Хадановіча, а таксама К. І. Галчыньскага, Альвідаса Шляпікаса, Джона Дона, Юрыя Андруховіча, Марыса Карэма ў перакладах Андрэя Хадановіча

Вершы, пераклады, дэкламацыя – Андрэй Хадановіч.

Ідэя, канцэпцыя, падбор музычнага суправаджэння, мантаж, дызайн – Дзмітры Дзмітрыеў.

Запіс голасу для перадачы “Начная чытанка” (“Радыё Свабода) – Ягор Маёрчык.

Фота – Уладзімір Машацін, Андрэй Дзюбайла.

 

Сцяпан Панаеў, budzma.org