У Бабруйску пройдзе вечарына памяці рэпрэсаванай інтэлігенцыі

— Зараз многія забываюць пра прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія сталі ахвярамі рэпрэсій. І гэта выклікае пачуццё сораму, — кажа Вольга Піманава. — Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі расстралялі каля 100 беларускіх інтэлектуалаў, павінна застацца ў нашай памяці, каб нечаму навучыць. Таму мы вырашылі нагадаць пра гэту сумную дату бабруйчанам, і назваць па імёнах кожнага, хто тады загінуў. 

Вольга Піманава плануе, што прозвішчы ахвяраў расстрэльнай ночы па чарзе прачытаюць усе ўдзельнікі і госці вечара. 

— Другая частка мерапрыемства называецца “Наканаванне лёсу — быць сведкам на судзе гісторыі”. Яна будзе прысвечана Сяргею Грахоўскаму. Яго лёс цесна звязаны з Бабруйскам, а ў верасні бягучага споўнілася 100 год ад яго нараджэння. Крыўдна, але гэтая дата засталася практычна незаўважанай не толькі ў нашым горадзе, але і ў Беларусі… Мала хто ведае творы Грахоўскага, а яны расказваюць пра перанесеныя аўтарам пакуты, пра жахі тых рэпрэсій, і гэта вельмі моцныя творы. Будзем чытаць урыўкі з аповесцяў пісьменніка. Нашы госці адчуюць пэўныя паралелі з сённяшнім днём…

Вечар памяці ахвяраў рэпрэсій пройдзе 28 кастрычніка, на офісе АГП (Кастрычніцкая-173а, цокальнае памяшканне), пачатак у 18.00.

novychas.info