У Баранавічах адбылася прэзентацыя кніг Аляксея Белага

На прэзентацыі новых кніг у бібліятэцы Аляксей Белы расказаў, адкуль ён чэрпае натхненне, і прачытаў свае вершы.

Імпрэза, на якую сабраліся каля ста прыхільнікаў паэзіі, сяброў і “калег па цэху” Аляксея Белага, стала для іх сапраўдным святам. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі цудоўную праграму, паводле якой гучалі вершы нашага земляка, прыгадваліся цікавыя факты яго біяграфіі, увогуле багатай на падзеі і сустрэчы з неардынарнымі людзьмі.

 Аляксей Белы з жонкай Аленай.

Кніга Аляксея Белага Ад Грыўды да Гандвіка выйшла ў 2015 годзе.

Аляксей Белы пачаў самастойнае жыццё ў марской вучэльні на Поўначы. Марскія шляхі ў свой час прывялі яго на Салавецкія астравы, за Палярны круг… Там у 1971 годзе ўбачылі свет першыя вершы маладога паэта. Мемуарна-публіцыстычная кніга “Ад Грыўды да Гандвіка” атрымала сваю арыгінальную назву ад сэнсавага спалучэння назваў дзвюх мясцін, знакавых у жыцці Аляксея Белага.

Грыўда – рака дзяцінства ў Івацэвіцкім раёне, Гандвік – скандынаўская назва Белага мора. Потым у біяграфіі нашага земляка былі служба ў групе савецкіх войск у Венгрыі, а пасля дэмабілізацыі – праца памочнікам капітана на цеплаходзе, калі даводзілася вазіць жалезную руду з Чарнобыля ў Брэст… Пра ўсё гэта і многае іншае даведаліся ўдзельнікі вечарыны са слайдаў і аповедаў.

Сяргей Карповіч і Галіна Ліс выканалі і творча інсцэніравалі для прысутных песні на марскую тэматыку. Для паэта, яго сяброў і прыхільнікаў творчасці натхнёна спявала Галіна Ярашэвіч. Цёплыя віншавальныя словы прагучалі ў адрас Аляксея Белага ад Віктара Сырыцы, Алеся Корнева, Раісы Раманчук, Клаўдзіі Трысцень і іншых удзельнікаў сустрэчы.

Жонка паэта Алена расказала прысутным, як ён працуе над вершамі. Увазе прысутных была прадстаўлена выстава кніг і асобных жывапісных работ Аляксея Белага. Жадаючыя мелі магчымасць атрымаць у падарунак кнігі яго паэзіі з аўтографамі.

Супрацоўнік Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Надзея Кіпель

На прэзентацыі ў бібліятэцы дэманстраваліся кнігі і жывапісныя работы Аляксея Белага.

Аўтографы паэта – удзячным чытачам.

 

Аляксандр Кораб, intex-press.by