У Баранавічах адзначылі юбілей Раісы Раманчук

Вершы Раісы Міхайлаўны, няўрымслівыя, шчырыя, ёсць адбіткам жыцця “чалавека-сонца”, як яе называлі на юбілейнай вечарыне ў Баранавіцкай гарадской бібліятэцы імя Таўлая. Іх чыталі малодшыя школьнікі, пакладзенымі на музыку спявалі іх спанатраныя, звыклыя да сцэны выканаўцы.

Віншавальнікі цераз аднаго згадвалі голас юбіляркі, шматгадовай вядучай радыёперадачы “Жадаем вам” Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання. “У нас больш за 12 тысяч працавала ў савецкія часы. Большасць ткалляў прыехалі з расійскага Іванава, – і на дзіва, ніхто ніколі не казаў, маўляў, незразумела. Вельмі да сэрца ім прыдалася, далягла беларуская мова, гэты голас”, – узрушана і таксама па-беларуску даводзіў адзін з кіраўнікоў прадпрыемства.

Раіса Шымко (Раманчук)

Раіса Раманчук можа азірнуцца на вялікую папулярызатарскую працу ў галіне літаратуры. Адна з нешматлікіх прадстаўніц “нефілалагічнага” пакалення беларускіх літаратараў, яна актыўным удзелам у працы паэтычных клубаў, літаратурнай гасцёўні наблізіла да мастацтва многіх.

Мне давялося два гады працаваць настаўнікам на радзіме Раісы Шымко (Раманчук). Агучыў тое, што саспела: думку пра шыфры зямлі. З надсвіцязянскай Наваградчыны, ад магутных яе дуброў, ад бацькі-Нёмана выйшлі многія нашы слынныя літаратары. Уручыў юбілярцы падпісаны калегамі па Калеснікаву “Берасцейскаму вогнішчу” віншавальны адрас.

Ну колькі ж ёй, не нудзі!” – думае той-сёй праўдалюбівы чытач. Адкажу словамі самой тройчы маці і шматкроць бабулі: “Шэсць, а ноль ён і ёсць ноль, ён не лічыцца!”

Засталося працытаваць верш. Выбраўся не жэўжыкаваты, больш дарослы. Але не “беларусапакутны”, аптымістычны. Акурат гэтага вітаміна нам не стае.

Пялёсткі беляць плямы ценяў, \\ і водар хмеліць галаву. \\ Па рэчцы мрояў-летуценняў \\ на чоўне памяці плыву. \\ Вясёлы, светлы дождж вясновы \\ нагадвае дзяцінства сны. \\ Душа чакае песень новых \\ і просіцца ў палон вясны.

Фота. На юбілейнай вечарыне Раісы Раманчук

Тэкст і фота: Яўген Бяласін, Брэсцкае абласное аддзяленне СБП