У Баранавічах хочуць ушанаваць імя Івана Лагвіновіча
Баранавіцкая грамадская арганізацыя творчае згуртаванне
“Святліца” звярнулася ў мясцовы гарадскі савет дэпутатаў з ініцыятывай
ушанаваць памяць баранавіцкага паэта Івана Лагвіновіча, назваўшы адну з
вуліц горада яго імем.
Іван Лагвіновіч сёлета пайшоў з жыцця. Кіраўнік “Святліцы” Алесь Бакач паведаміў, што ён меў гутарку са Старшынём гарадскога савета дэпутатаў і яму паведамілі, што гэтае пытанне сур’ёзна вывучаецца:
- На сёння гэтае пытанне вывучаецца. Гарадскі савет дэпутатаў зрабіў запыт у баранавіцкую бібліятэчную сістэму, ужо ёсць усе кнігі Івана Філіпавіча для вывучэння. Таксама даследуецца яго біяграфія, творчы шлях, водгукі ў прэсе. На сёння ёсць спадзяванне, што ўсё ж такі жыхары горада і ў іх асобе выказнікі іх думкі – дэпутаты прымуць рашэнне і спадзяемся, што адну з новых вуліц горада назавуць імем Івана Лагвіновіча.
Алесь Бакач таксама паведаміў, што ў гарадскім савеце з разуменнем паставіліся да гэтай прапановы, бо паэты – выказнікі душы народа. Таму ён асабіста спадзяецца на станоўчае рашэнне адносна гэтай ініцыятывы.
Радыё Рацыя