У Баранавічах самаліквідуецца аб'яднанне літаратараў «Святліца»

“Святліца” дзейнічала ў Баранавічах 17 гадоў. Апошнім часам яна налічвала 15 сяброў – мясцовых літаратараў, мастакоў і бардаў. На рахунку згуртавання – шматлікія літаратурныя імпрэзы. Па ініцыятыве “святлічнікаў” у 2005 годзе ў Баранавічах адбыўся першы фестываль бардаўскай песні, праходзілі творчыя сустрэчы з чытачамі, былі выдадзеныя чатыры літаратурныя альманахі, арганізавана шмат выступленняў на гарадскіх мерапрыемствах.

Згуртаванне “выгадавала” чатырох сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў. “Святліца” сабрала вялікі літаратурны архіў, у якім захоўваюцца публікацыі, аўдыё- і відэазапісы мясцовых літаратараў, нават тых, каго сярод нас ужо няма – Анатоля СтанкевічаВалерыя ІгнаценкіВенанцыя БутрымаЯна СавіцкагаІвана Лагвіновіча.

Па ініцыятыве творчага згуртавання "Святліца" ў Баранавічах дзве вуліцы названы імёнамі мясцовых паэтаў – Венанцыя Бутрыма і Івана Лагвіновіча. Сябры аб’яднання падрыхтавалі і выдалі анталогію беларускай паэзіі "Агледзіны".

У апошнія гады “Святліцу” не ўключалі ў лік выступоўцаў на святах горада, на зварот у гарвыканкам з просьбай дазволіць праводзіць паседжанні ў метадычным аддзеле Дома культуры быў дадзены адмоўны адказ з тлумачэннем, што грамадскае аб’яднанне павінна само вырашаць пытанні арэнды. Між тым, арганізацыя не займалася фінансавай дзейнасцю і не мела ніякіх рахункаў у банку.

Сябры “Святліцы” збіраліся то ў прыстасаваным памяшканні ў падвале, то ў каго-небудзь на лецішчы ці дома. Так не магло працягвацца бясконца. У рэшце рэшт кіраўніцтвам арганізацыі было прынята рашэнне выйсці з прапановай да сяброў – спыніць дзейнасць грамадскага аб’яднання, што і было зроблена на агульным сходзе.

– Вельмі сумна, што так адбылося, – гаворыць адзін з сяброў арганізацыі Іван Трысцень. – Я шмат чаму тут навучыўся, у мяне выйшлі за гэты час кніжкі вершаў і прозы, мы ў “Святліцы” абменьваліся досведам, сюды хадзіла моладзь.

Другі сябра “Святліцы” Юрый Чыстапольскі дадае: “Але ж нам ніхто не забароніць сустракацца, як і раней, няхай і не пад патранажам нашага згуртавання”.

На сходзе створана ліквідацыйная камісія, пратакол паседжання аб спыненні дзейнасці арганізацыі будзе накіраваны ва Упраўленне юстыцыі аблвыканкама.

Баранавіцкі навінавы партал