У Белаазёрску ўшанавалі памяць Ніны Мацяш

На Брэстчыне ў горадзе Белаазёрску прайшлі першыя літаратурныя чытанні “Бабіна лета 2010” у памяць знакамітай паэткі Ніны Мацяш, зямное жыццё якой перапынілася два гады таму. Вялікая зала гарадскога Дома культуры была амаль поўная. На імпрэзе прысутнічалі знакамітыя паэты з Мінску і Брэсцкай вобласці, прыйшлі настаўнікі, вучні, землякі паэткі.

“Яе шанавалі і любілі, ёю ганарыліся,”– гаворыць кіраўнік Брэсцкага аддзялення беларускіх пісьменнікаў Іван Мельнічук:

– Гэта дарагі нам чалавек, мы проста ганарымся тым, што ў нас былі такія людзі. Я б сказаў, што гэта ў міжнародным плане вядомы чалавек, яна шмат зрабіла перакладаў, 15 кніжак, каля 20 кніжак перакладаў пісьменнікаў розных краін. Гэта славутасць, якую нельга забываць. 

Гучалі ўспаміны і вершы сяброў па пяру Ніны Мацяш: Анатоля Вярцінскага, Сяргея Панізніка, Алеся Разанава, Міхася Скоблы і іншых. Гучаў голас самой Ніны. Літаратурныя чытанні доўжыліся 3 гадзіны. 

 

Паводле "Радыё Рацыя"