У Беларусь прыйшло «Небяспечнае лета»
Па-беларуску зʼявілася чарговая кніга фінскай аўтаркі, стогадовы юбілей якой сёлета шырока святкуецца ва ўсім свеце. Гэта кніга "Небяспечнае лета", дзе героі вымушаныя развітацца з бесклапотнасцю жыцця ў Мумідоле і прымераць на сябе новыя і часам нечаканыя ролі. Кніга выйшла ў перакладзе Алесі Башарымавай у выдавецтве Змітра Коласа.
Агнядышная гара, што доўга спала, раптоўна прачнулася, і пасля вывяржэння марскія хвалі затапілі даліну. Мумісям'я, прыхапіўшы з сабой Хомсу і Місу, якія таксама засталіся без даху над галавой, ратуецца ў дзіўным плывучым доме, дзе раз-пораз грымяць навальніцы, хаця знадворку спакойна, дзе дзверы і лесвіцы нікуды не вядуць, у кладоўцы поўна неядомай ежы, а з кута чуецца чыйсьці кплівы смех. У дадатак да ўсяго, у купальскую ноч некаторыя з новых насельнікаў гэтага таямнічага дома проста знікаюць, а хтосьці нават трапляе ў вязніцу...
Словам, лета робіцца сапраўды небяспечным. Нават Снусмумрык, які затрымаўся па адной важнай і неадкладнай справе ў сваім падарожжы і ўвогуле не сніў і не бачыў, што ў Мумідоле здарыўся патоп, не змог пазбегнуць катастрофы, можа быць, яшчэ большай: вольналюбівы вандроўнік зрабіўся шматдзетным татам!
Гэтая кніга поўная нечаканых калізій, купальскіх варожбаў, раптоўных расстанняў і шчаслівых сустрэч, а яшчэ хемулёў і вожыкаў.
Купіць яе можна ў кнігарнях "Белкнігі", а неўзабаве і ў "Акадэмкнізе".
Паводле прэс-рэліза prajdzisvet.org