У Быхаве адзначылі юбілей Сяргея Украінкі (+ФОТА)
Злева направа: Мікола Леўчанка, Алесь Казека, Мікола Яцкоў, Сяргей Украінка
Імя Сяргея Украінкі вядомае сярод аматараў беларускага прыгожага пісьменства. Друкавацца Сяргей Сяргеевіч пачаў з 1977 года. Яго творы змешчаны ў шматлікіх перыядычных выданнях і калектыўных зборніках.
Сяргей Украінка
Ён з’яўляецца аўтарам кніг «Маё Купела», «Белый аист, черное перо». І вось напачатку года ў серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка” пабачыў свет зборнік вершаў «9 гранаў», прэзентацыя якога адбылася ў межах гэтай сустрэчы.
Разам з пісьменнікам на мерапрыемства прыехалі яго сябры: старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Адамавіч Яцкоў і паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, таксама ўраджэнец Быхаўшчыны, Аляксандр Мікалаевіч Казека.
Таксама браў удзел і калега па творчаму цэху, галоўны рэдактар раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка.
Кветкі і падарункі юбіляру
Віншаванні ад Ірыны Цімохавай і Таццяны Белавусавай
Са святам, а таксама з асабістым юбілеем – 55-годдзем з дня нараджэння – павіншавала С. Украінку дырэктар Быхаўскай бібліятэчнай сеткі Наталля Аляксандраўна Корза. Прыемна, што павіншаваць юбіляра прыйшлі і яго былыя студэнты: Ірына Уладзіміраўна Цімохава і Таццяна Леанідаўна Белавусава – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ДУА «Гімназія г. Быхава».
Мікола Яцкоў
Адкрываючы сустрэчу, вядучая мерапрыемства Святлана Вашукевіч прадставіла аўдыторыі паважаных гасцей, расказала аб творчых дасягненнях С. Украінкі ў галіне літаратуры, пазнаёміла з біяграфіяй пісьменніка.
Выступаючы перад прыхільнікамі сваёй творчасці, Сяргей Сяргеевіч падрабязней раскрыў тэматыку твораў, чытаў вершы з новага зборніка, па жаданні слухачоў звярнуўся і да вершаў папярэдніх гадоў, вылучыўшы з іх першыя пробы пяра; адказваў на шматлікія пытанні аб сваіх захапленнях і іншых момантах жыцця і творчай дзейнасці.
Дырэктар Быхаўскай ЦБС Наталля Корза атрымлівае падарунак для цэнтральнай бібліятэкі імя Б.Стральцова – выданні Саюза беларускіх пісьменнікаў
Мікалай Яцкоў і Алесь Казека прыгадалі аб шчырым сяброўстве з творцам, выказалі сваю думку аб яго літаратурных дасягненнях. Мікалай Леўчанка ў сваім выступленні падкрэсліў значнасць твораў С. Украінкі.
На завяршэнне сустрэчы вядучая ад імя ўсіх гледачоў падзякавала пісьменнікам за цікавую і змястоўную гаворку і выказала спадзяванне, што яны стануць частымі гасцямі быхаўскай зямлі.
Паводле інфармацыі Быхаўскай бібліятэчнай сеткі.
Фотаздамкі Вольгі Поздышавай.