У Друскеніках сустракаліся паэты і фотамастакі з чатырох краін

У літоўскіх Друскеніках завяршыўся міжнародны літаратурна-мастацкі пленэр. З 2 па 8 чэрвеня амаль тры дзясяткі польскіх, беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх паэтаў, фатографаў і перакладчыкаў, жылі і працавалі супольна ў цішыні ляснога курортнага горада.
Гэта другая творчая сустрэча, якую арганізавала і фінансавала  Міністэрства замежных спраў Літвы. Непасрэдна ажыццяўленнем гэтага праекту займаецца фонд Саюза  пісьменнікаў Літвы. Удзельнікі пленэра цягам тыдня займаліся творчасцю, дыскутавалі, спрачаліся, перакладалі вершы адзін аднаго на свае мовы і арганізоўвалі супольныя чытанні, знаёміліся з гістарычнай і культурнай спадчынай Літвы.

Як падкрэсліла намесніца старшыні Саюза пісьменнікаў Літвы Бірута Янушкайтэ, “у апошнія гады літоўцы, на жаль, значна больш ведаюць жыццё ў краінах Еўрасаюза, і вельмі мала цікавяцца грамадскімі і літаратурнымі працэсамі ў сваіх бліжэйшых суседзяў – беларусаў, украінцаў. Таму адной з мэтаў творчай майстэрні стала магчымасць абменьвацца досведам і бесперашкодна выяўляць свае ідэі.”

 
Нагадаем, што першы пленэр беларускіх, польскіх і літоўскіх паэтаў і мастакоў  адбыўся ў 2007 годзе ў Нідзе. Плён іх працы ўвасобіўся ў альманаху на трох мовах "Словы і фарбы". 21 лютага ў Саюзе пісьменнікаў Літвы адбылася яго прэзентацыя. З беларусаў на трох мовах — беларускай, літоўскай і польскай, прадстаўленыя паэты Алесь Пашкевіч, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Тацяна Сапач. Кніга аздоблена мастацкімі працамі Алеся Марачкіна, Генадзя Драздова, Рыгора Сітніцы, Кацярыны Сумаравай, паэта і мастака адначасова Алега Аблажэя.

Сёлета, паколькі  ідэяй міжнароднага пленэру зацікавіліся творчыя людзі Літвы і суседніх краін, было вырашана працягнуць супрацоўніцтва майстроў слова і  майстроў фатаграфіі. Прычым, на гэта раз да сумеснай працы далучыліся літаратары з Украіны.
У пленэры-2008 прымалі ўдзел сем прадстаўнікоў Літвы (Аліс Балбіэрыс, Валдас Гядгаўдас, Рэгіна Кацінайтэ-Лумпіцкене, Віктарас Руджанскас, Дайнюс Сабецкіс, Энрыка Страгайтэ, Бірута Янушкайтэ), шэсць прадстаўнікоў Беларусі (Эдуард Акулін, Вольга Іпатава, Сяржук Сыс, Леанід Дранько-Майсюк, Аксана Данільчык, Алесь Мікус), шэсць удзельнікаў з Польшчы (Барбара Грушка-Зых, Крыстына Канецка, Эла Мусял, Рамуальд Мячкоўскі, Ян Тулік, Марэк Ваўржкевіч), а таксама  пяць украінцаў (Ярына Чарняк, Зміцер Чараднічэнка, Аляна Рута, Юры Заўгародні і Пятро Засэнка).
С.С.

На здымку зправа - пад час сумеснай працы, унізе - Вольга Іпатава перакладае санеты Крыстыны Канецкай.

Фота Рамуальда Мячкоўскага (Польша)