У Дзятлаве прыгадалі настаўніка і паэта

На сустрэчу ў Дзятлава завіталі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, літаратуразнавец, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч, паэт Юрка Голуб, пісьменнік, краязнавец, гісторык і журналіст Сяргей Чыгрын.

“Гэты чалавек усё жыццё размаўляў толькі на роднай мове, ён быў не проста настаўнік, а глыбока творчы інтэлігент. Я яго ведаў даўно. Ён завочна вучыўся ў Гарадзенскім тады педінстытуце. Ён часта гасціў у мяне, нават начаваў, заўсёды чытаў свае вершы”, -- прыгадаў пры Міколу Грышана Аляксей Пяткевіч.

А пісьменніца і журналістка з Дзятлава Леанарда Юргілевіч адзначыла, што Мікола Грышан быў не толькі добрым настаўнікам, паэтам, але вельмі працавітым чалавекам. Ён не баяўся фізічнай працы, яго часта можна было сустрэць на агародзе, у полі, а ў вольны час пісаў вершы і вельмі любіў сваіх землякоў. Сяргей Чыгрын таксама з цеплынёй успомніў свайго старэйшага сябра Міколу Грышана, ён захаваў шмат пісем ад яго, артыкулаў на розныя тэмы.

Злева направа: Валянцін Дубатоўка, Юрка Голуб, Леанарда Юргілевіч, Аляксей Пяткевіч

“Мікола Грышан быў не толькі паэтам, але і публіцыстам, ён некалі напісаў і апублікаваў рэцэнзію на мой першы паэтычны зборнік вершаў “Шчырая Шчара”, пісаў таксама матэрыялы на педагагічныя, гістарычныя і літаратуразнаўчыя тэмы”, -- адзначыў Сяргей Чыгрын.

А Юрка Голуб успомніў той час, калі працаваў літкансультантам у “Гродзенскай праўдзе”, куды дасылаў свае вершы паэт з Дзятлаўшчыны, і яго творы друкаваліся на старонках абласной газеты.

У гэты вечар гучалі вершы Міколы Грышана з адзінага выдадзенага яго паэтычнага зборніка “Вернасць”, а таксама творы, прысвечаныя яму. Парадавала сваімі песнямі і юная дзятлаўская гітарыстка Юлія Салаш.

Падсумаваў вынікі сустрэчы Валянцін Дубатоўка, які падзякаваў усім за тое, што памятаюць свайго настаўніка і паэта.

Ул. інф. Гродзенскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"