У Гародні адзначаюць 95-годдзе Аляксея Карпюка

Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Страшава, што каля Гарадка на Беласточчыне. Дзякуючы Карпюку ў 1960-1970-х гадах у Гародні ўзнік своеасаблівы клуб вальнадумнай інтэлігенцыі. У савецкі час Карпюк працаваў журналістам у розных выданнях, а ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя стаў першым дырэктарам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гародні, сучаснага Гарадзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Менавіта ў сценах гэтага музея і адкрылася першае юбілейнае мерапрыемства – выстава памяці пісьменніка. Распавядае дачка пісьменніка Валянціна Карпюк:

- Гэтая выстава для мяне, маёй сястры, брата вельмі значная, таму што ў гэтым годзе спаўняецца 95 год нашаму бацьку. Мы вельмі ўдзячныя музею за іх памяць пра яго не толькі як пра кіраўніка гэтага музея, але як чалавека. Бо тут прадстаўлены рэдкія дакументы і фотаздымкі. Упершыню яны сабраныя разам, у храналагічным парадку. Адлюстраваныя таксама гады жыцця, аддадзеныя гэтаму музею. Тата быў захоплены яго стварэннем, частку сваёй душы пакінуў тут.

У красавіку гарадзенцаў чакае круглы стол, на якім будуць запрошаныя пісьменнікі і літаратары, якія ведалі Аляксея Карпюка. Да сённяшняга дня няма мемарыяльнай шыльды, на якой быў бы ўшанаваны Аляксей Карпюк.

Толькі нядаўна адна з новых вуліц у новым мікрараёне была названая з ягоны гонар.

 

Беларускае Радыё Рацыя