У Гародні надрукавалі школьныя сшыткі з вершамі Быкава

 

У Гародні надрукавалі школьныя сшыткі з вершамі БыкаваГарадзенская друкарня да новага навучальнага году выпусціла серыю сшыткаў з вершамі вядомых беларускіх аўтараў. Фота аднаго з іх на сваім сайце размясціў блогер Павел Бераснеў. Дзіўна, але разам з класічнымі радкамі Купалы, Коласа і Багдановіча ў серыі апынуўся і сшытак з чатырохрадкоўем Васіля Быкава.

За такое “ўнікальнае” выданне просяць ўсяго 5 тыс. рублёў. 

Беларусаў яшчэ ў школе вучылі, што пісьменнік займаўся толькі прозай, ды і сам Быкаў у адным з інтэрв’ю заяўляў, што ніколі не пісаў вершаў. У чым жа рэч? 

Калі ўвесці радкі верша, напісаныя пад партрэтам Васіля Быкава, пашукавік выдае старонку на расійскім сайце “Стихи.ру”. 

Аўтар гэтых радкоў — сапраўды Васіль Быкаў, аднак не вядомы беларускі пісьменнік XX стагоддзя, а малады паэт, імаверна, з Расіі.

На гэтым сайце Быкаў размяшчае вершы з 2005 году, апошні датаваны студзенем 2012-га (беларускі Васіль Быкаў памёр у 2003 годзе). Аўтар таксама піша рэцэнзіі на творчасць іншых паэтаў, актыўна ўдзельнічае ў абмеркаваннях. 

Відавочна, што ў друкарні проста не праверылі аўтарства верша, які размешчаны пад партрэтам вядомага беларускага пісьменніка. 

“Гэта глупства. Ніякіх вершаў, тым больш па-руску Васіль Уладзіміравіч ніколі не пісаў”, — сказала “Нашай Ніве” ўдава пісьменніка Ірына Міхайлаўна Быкава. 

Нядаўна падобным чынам “адзначыліся” і ў Мінску, прыпісаўшы верш Якуба Коласа Міколу Гусоўскаму на бігбордах, прысвечаных Году кнігі. 

Радыё Свабода паразмаўляла з вытворча-тэхнічным аддзелам друкарні: 

“Залез малады нявопытны хлопчык у інтэрнэт, набраў “Васіль Быкаў”, і здарылася такая прыкрая памылка. Наклад вымаецца з гандлю”.