У Гарошкаве прайшло свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса

29 кастрычніка, у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну сёмы раз ладзілася сьвята паэзіі “Дух — гэта, людзі, Я”. Яно прымеркавана да 52-й гадавіны з дня народзінаў беларускага паэта Анатоля Сыса.
У Гарошкаў ушанаваць памяць Анатоля Сыса, пачытаць вершы прыехалі зь
Менску старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, галоўны
рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч, паэты Эдуард Акулін і Міхась
Скобла. Тут былі таксама прыхільнікі творцы з Гомеля, Рэчыцы,
Сьветлагорску, Веткі.
Па традыцыі сьвята пачалося ўскладаньнем кветак да помніка Анатолю Сысу
на гарошкаўскіх могілках, дзе яго пахавалі ў траўні 2005 году пасьля
заўчаснай сьмерці. А пасьля дзея перамясьцілася ў цэнтар вёскі, да
бацькоўскай хаты Анатоля.
Заснавальнік і натхняльнік паэтычнага сьвята ў Гарошкаве Эдуард Акулін:
“Я рады вас вітаць на гасьцінным падворку роднай хаты нашага выдатнага
паэта Анатоля Сыса, дзе сёньня сёмы раз мы праводзім традыцыйнае
сьвята паэзіі ў ягоны гонар”.
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч лічыць, што ніша,
якую займаў у нацыянальнай беларускай літаратуры Анатоль Сыс як
паэт-грамадзянін, паэт-трыбун да гэтага часу нікім не занятая. Веліч
ягоных паэтычных радкоў будзе усьведамляць яшчэ не адно пакаленьне
беларусаў:
“Мне падаецца, што беларускі чытач ня толькі будзе ўсьведамляць веліч
ягоных паэтычных радкоў, але й будзе ўсьведамляць сябе сучасьнікам
Анатоля. Верш Анатоля Сыса:
“А мне ня трэба шлях, дзе скрозь падковы,
І ў сьветлы дзень я словы прыгублю,
І ў злыбяду суцешуся высновай:
Жыцьцё – бівак, ды я яго люблю”.
Гэта радкі з толькі што апублікаванага верша Анатоля Сыса. На
сёньняшнім сьвяце празаік і рэдактар Барыс Пятровіч прэзэнтаваў гасьцям і
родным паэта пяты нумар “Дзеяслова” з невядомымі дасюль вершамі Анатоля
Сыса. У прыватнасьці, “Балада-прысьвячэньне маці”, “Высакосны год”,
“Верлібр першай сустрэчы з морам”.
Вершы знайшла сястра Анатоля Тамара Ціханаўна ў незабраным архіве. Праз
Эдуарда Акуліна вершы й патрапілі ў рэдакцыю “Дзяслова”.
Прадмову да невядомых да гэтага часу вершаў Анатоля “Прарок свабоды й
незалежнасьці” напісаў за кратамі ягоны сябра й паплечнік Алесь Бяляцкі.
На вясковым падворку ў Гарошкаве паэтычныя творы чыталі Вадзім Болбас,
Ларыса Раманава, Эдуард Акулін. А гомельскі бард Андрэй Мельнікаў
выканаў некалькі песень на вершы Анатоля Сыса.
Мельнікаў: “Ягоная кніжка “Сыс” – яна “паралеліць”,
на мой погляд, з біблейскай кніжкай “Псалтыр”. “Псалтыр”, па сутнасьці,
зборнік песьняў. Ёсьць такая ідэя, не кажу пра намер, бо ня ўпэўнены,
што зьдзейсьніцца. Усе вершы з кнігі “Сыс” можна пакласьці на музыку.
Некаторыя вершы пакладзены на музыку ня мною, а Вольгай Цярэшчанкай,
Касяй Камоцкай. Некаторыя вершы з кнігі яны паклалі на музыку. Але ёсьць
некалькі вершаў, на якія музыка павінна быць. Я яе адчуваю. Нават
рытміку адчуваю, але пакуль мэлёдыі ня чую. Але ж, напэўна, будзе”.