У Гомелі з’явяцца вуліцы Тураўскага, Быкава і Караткевіча

12 траўня пасёлак Касцюкоўка будзе ўключаны ў межы Чыгуначнага раёна Гомеля, некаторыя вуліцы былога асобнага населенага пункта дублююць назвы ўжо існуючых вуліц у абласным цэнтры. У сувязі з гэтым у Касцюкоўцы арганізавана грамадскае абмеркаванне перайменавання вуліц. У прыватнасці, вуліцу Прамысловую прапанавана назваць імем Уладзіміра Караткевіча, Светлагорскую – Кірылы Тураўскага, завулак Садовы – Васіля Быкава.

Такім чынам у Гомелі, дзе амаль усе вуліцы захавалі савецкія назвы, упершыню з’явіцца вуліца ў гонар святога. Кірыла Тураўскі, які жыў у XII стагоддзі і быў епіскапам Турава (Гомельская вобласць), кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой у ліку Свяціцеля. Гэта славуты царкоўны дзеяч, прапаведнік, асветнік, мысляр, пісьменнік. Кірыл у маладосці, па звестках летапісцаў, адхіліў «багацце і славу тленнага свету гэтага, прылучыўшыся боскіх пісанняў і святых кніг павучанню». Ужо ў сталыя гады Кірыл вырашыў цалкам прысвяціць сябе Богу і пайшоў у манастыр, адмовіўшыся ад забяспечанага жыцця ў свеце і бацькоўскай спадчыны. Багаслоўскія працы Кірылы прынеслі яму вядомасць і ён, па патрабаванні князя і гараджан, быў пасвечаны ў епіскапы горада Тураў. Помнік Кірылу Тураўскаму стаіць як у яго родным горадзе, так і ў Гомелі.

Нарэшце з’явяцца ў Гомелі і вуліцы, названыя імёнамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў – Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Праўда, на самай ускраіне горада, якая калісьці была рабочым пасёлкам.