У Горадні ідзе рэканструкцыя дома-музея Багдановіча

У Горадні ідзе рэканструкцыя дома-музея Багдановіча

Пачалася рэканструкцыя дома-музея Максіма Багдановіча ў Горадні. Будынак узвялі ў 80-я гады ХІХ стагоддзя. Толькі да 40-годдзя смерці паэта,  у 1957 годзе, на ім з’явілася шыльда пра тое, што ў гэтым доме жыў Максім Багдановіч.

Расказвае гарадзенскі краязнаўца Андрэй Вашкевіч: “Існуе некалькі версій пра тое, дзе жыў Багдановіч ў дзяцінстве. Найбольш верагодная: ён жыў у іншым будынку на той жа вуліцы, і той будынак быў знесены ў савецкі час. А гэты будынак зрабілі музеем. Будынак дома-музея таксама ўяўляе гістарычную каштоўнасць. Драўляная пабудова старога раёна Новы Свет амаль не адрознівалася ад гэтага будынка.»

Трэба нагадаць, што у траўні гэтага года святкавалася 25-годдзе дома-музея Багдановіча. Менавіта ў гэтым будынку 16 траўня 1986 адкрыўся літаратурны аддзел гісторыка –археалагічнага музея. У 1995-м ён стаў называцца домам-музеем Багдановіча.

Больш за 13 тысяч адзінак экспанатаў, 130 квадратных метраў плошчы, шмат арыгіналаў і толькі невялікая колькасць копій – гэта цяпер музей Багдановіча. Экспазіцыя мае залы: партрэтная галерэя знакамітых людзей; літаратурна-грамадскі рух канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў; гарадзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў.

Ёсць чатыры мемарыяльныя пакоі: кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячы пакой, гасцёўня, а таксама аддзел “Гарадзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае”.
Сярод экспанатаў музея – асабістыя рэчы паэта, дакументы, лісты і іншыя рэчы сям’і Багдановічаў, прадметы побыту канца ХIХ – пачатку ХХ ст., пісьмовыя сведчанні грамадскага і літаратурнага жыцця таго часу, літаратурная спадчына паэтаў і празаікаў Гарадзеншчыны – М. Васілька, А. Карпюка, В. Быкава, Л. Ялоўчык, Д. Бічэль, Ю. Голуба, А. Пяткевіча і інш.

У снежні адзначаць 120-годдзе з дня народзін паэта, і гарадзенцаў чакае сюрпрыз у выглядзе невялічкага канцэрта Змітра Вайцюшкевіча.

 

Андрэй Мялешка

t-styl.info