У Горках адзначылі ўгодкі Ніла Гілевіча

Імпрэзы былі прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

На вечарынах гучалі вершы і песні на словы Ніла Гілевіча ў выкананні студэнтаў. Прысутныя пазнаёміліся з асноўнымі вехамі жыцця і творчасці паэта, яго лірыкай, адзін з галоўных матываў якой – любоў да Беларусі, да роднай зямлі.

Увазе студэнцкай аўдыторыі была прапанавана кніжная выстава, якая дала магчымасць прасачыць той цікавы факт, што народны паэт не абмінуў сваёй увагай горацкі край. Аб гэтым расказваюць не толькі кнігі з з уласнымі аўтографамі, але і ўрыўкі з ўспамінаў прафесара кафедры сельгасмашын Аляксандра Клачкова, якія прагучалі ў ходзе мерапрыемства: «Першая наша сустрэча адбылася ў Горках у лютым 1993 года, калі Ніл Гілевіч ў складзе дэлегацыі пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў з Мінску прыехаў для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Вылучаўся Гілевіч сярод іншых удзельнікаў сваёй велічнай постаццю ỉ гаварыў аб вялікай важнасці аднаўлення беларускай мовы і культуры. Словы былі ўзважаныя і абгрунтаваныя, слухалі яго з вялікай ўвагай і адчуваннем глыбокага сэнсу і адказнай грамадзянскай пазіцыі. Сустрэча і працяглая гутарка атрымалася і ў чэрвенỉ 2000 года ў рэдакцыі газеты «Лỉтаратура і мастацтва» дзякуючы дапамозе галоўнага рэдактара гэтага выдання Алеся Пỉсьмянкова. Ён раней перадаў Нỉлу Сымонавỉчу для азнаямлення надрукаваны на пỉшучай машынцы рукапỉс маёй паэмы «Мікỉтавы прыгоды». Пачалася гутарка з нечаканага пытання: «Чаму паважаны навукоўца напісаў на беларускай мове такі нечаканы жартоўны твор?» Крыху разгубỉўшыся шчыра адказаў, што сам не ведаю, як гэта атрымалася, але можа Ніл Сымонавіч растлумачыць. І паэт сказаў: «Ведаю. Таму што ў Вас не загінуў сапраўдны беларус».

У мерапрыемствах прыняла ўдзел сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Лідзія Андрэева, якая прачытала свае вершы, прысвечаныя Нілу Гілевічу, адзначыла яго значэнне і ролю ў развіцці беларускай літаратуры.

Алена Машалава; Магілёўская абласная філія ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"