У Гродна прэзентавалі кнігі Геніюш і Быкава і правялі нацыянальную дыктоўку

24 сакавіка ў Гродна Генадзь Бураўкін правёў дыктоўку па беларускай мове, а Сяргей Шапран і Міхась Скобла прадставілі новыя кнігі выдавецтва “Гарадзенская бібліятэка” — “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы” і “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў”.

Зала грамадскага аб’яднання “Крэсовія” ледзь змясціла ўсіх жадаючых. Напісаць дыктоўку на роднай мове прыйшло больш за 200 гродзенцаў, для якіх Генадзь Бураўкін прачытаў верш Ларысы Геніюш “Мы народ”.

Гэта пятая па ліку беларуская дыктоўка ў Гродне. Традыцыйна яе арганізуюць выдавецкая серыя “Гарадзенская бібліятэка” і гродзенскае аддзяленне “Таварыства беларускай школы”.

 

Генадзь Бураўкін


 

Для ўдзельнікаў дыктоўкі выступіў бард Алесь Камоцкі.

Алесь Камоцкі


Затым адбылася прэзентацыя новых кніг выдавецтва “Гарадзенская бібліятэка”.


Міхась Скобла

 

Вось што расказаў пра кнігу “Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы” яе ўкладальнік Міхась Скобла:

“Серыя, у якой выйшла кніга, – шматспадзеўная і сябе ўжо апраўдала. І мая кніга падтрымае марку гэтай ініцыятывы. Гэтая кніга расказвае пра своеасаблівыя часы. Адразу згадаю пра тое, што на сённяшні дзень апублікавана ўжо амаль 1200 лістоў Ларысы Геніюш. І гэтая кніга – своеасаблівы летапіс, таму што Ларыса Антонаўна дзень пры дні сістэматычна фіксавала тое, што адбываліся вакол яе, і на Гарадзеншчыне і па ўсёй Беларусі. З гледзішча эпісталярнай дыктацыі падзей Беларусі Ларыса Геніюш не мае сабе роўных у нашай беларускай літаратуры, таму што, да прыкладу, з усёй спадчыны Янкі Купалы захавалася 149 лістоў, тэлеграмы, паштоўкі і г.д.

Захавалася ўсяго 17 лістоў Алеся Гаруна. Дзякуй богу ад Ларысы Геніюш засталіся і вершы, і лісты. Гэтыя лісты – таксама ўспаміны, яна не проста піша, якое надвор’е сёння ці колькі вершаў яна за гэты дзень напісала, яна цікава разважае пра нейкія культурныя падзеі і з’явы, пра людзей, што наведвалі яе ў Зэльве. Як бы прыватныя справы, але калі азірнуцца і пачытаць тыя сапраўдныя летапісы, што захаваліся, – гэта летапіс жыцця. У кнізе – лісты да Ларысы Жук-Грышкевіч, да Вітаўта Тумаша".

Міхась Скобла таксама згадаў пра наведванне Зэльвы і пра рэчы, што засталіся ў хатцы Ларысы Геніюш. Цікавым быў аповед пра знойдзенае крэсла з надпіcам ZB.

“Гэтыя крэслы праляжалі ў Зэльве 27 і нават больш гадоў. На адным з іх – ZB. Менавіта такім чынам Ларыса Геніюш у сваіх лістах піша “Жыве Беларусь!” – кажа Міхась Скобла.

Сяргей Шапран


Сяргей Шапран расказаў пра ідэю і стварэнне кнігі “Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў”:

  “Восем гадоў таму мы прыязджалі сюды з Рыгорам Барадуліным і дазналіся пра спадчыну Быкава. А што да гэтай кнігі, то за яе я вельмі ўдзячны складальніку серыі “Гарадзенская бібліятэка”Паўлу Мажэйку. Менавіта яны прапанавалі, падрыхтавалі і выдалі гэтую кнігу.

Я раней быў упэўнены, што калі Васіль Быкаў з’язджаў ў Мінск, ён увесь архіў перавёз туды. У Горадні мне ўдалося сустрэцца з малодшым сынам пісьменніка, таксама Васілём, і я даведаўся, што частка архіва бацькі засталася ў Горадні. Тры гады таму мы былі з Міхасём Скоблам тут і завіталі да Васіля Васільевіча.

Два сыны Быкава прынеслі цэлую валізу машынапісаў і рукапісаў бацькі. Адзіная ўмова была ў іх – што гэта мусіць вывучацца. Там былі пераклады “Сотнікава”, “Праклятай вышыні” і іншых твораў. Але там былі і творы, якія дагэтуль ніколі не друкаваліся.

Вялікая частка гэтай кнігі – яго распрацоўкі, што так і не сталіся творамі. Ці, скажам, першая старонка кінасцэнару аповесці “Сотнікаў”. Я пра гэты кінасцэнар даведаўся ад рэжысёра Ігара Дабралюбава. Ён прачытаў “Сотнікава” і звярнуўся да Быкава, каб той напісаў кінасцэнар. Кінасцэнар быў напісаны, але экранізаваць Дабралюбаву не далі, бо цэнзары ўбачылі ў гэтым сцэнары матыў грамадзянскай вайны. Свае супраць сваіх…

І Быкаў пачаў крэсліць гэты кінасцэнар. Па аповесці – паліцаі, у кінасцэнары – немцы, але гэтыя немцы размаўляюць па-расійску. Аднаго з гэтых немцаў завуць Стась і г.д. Гэтага кінасцэнару я ў Мінску не знайшоў. Ён, аказваецца, захоўваўся сярод папер у Горадні”.

Быкаў неаднойчы спрабаваў напісаць аповесць пра Горадню Яна так і павінная была называцца –  “Гарадзенская аповесць”. Накіды гэтай аповесці былі знойдзеныя Сяргеем Шапранам у архіве ў горадзе над Нёманам.

 

Паводле euroradio.fm і budzma.org