У Гродне адзначылі 70-годдзе абласной арганізацыі СБП

Задума заснаваць у абласным горадзе пісьменніцкую суполку ўзнікла адразу пасля заканчэння вайны і мела на мэце палітычна і культурна ўзмацніць прыхільнасць да савецкай улады. Першым старшынём абласнога аб'яднання Саюза Пісьменнікаў БССР стаў паэт Анатоль Астрэйка, які, пры дапамозе журналістаў газеты "Гродзенская праўда", сабраў малалікіх на той час мясцовых літаратараў, дзе насамрэч не было ніводнага члена СП БССР.

На цяперашні час у абласной арганізацыі некалькі дзясяткаў сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія актыўна прасоўваюць беларускую справу ў рэгіёне: ладзяць вечарыны, сустрэчы і прэзентацыі, выпускаюць кнігі, рыхтуюць літаратурныя альманахі. І далёка не толькі ў Гродна, бо згаданыя пісьменнікі і пісьменніцы жывуць і ў Навагрудку, і ў Лідзе, і ў Слоніме, і ў Дзятлава. Шмат хто з іх здолеў у гэты дзень даехаць на святочны вечар у Доме Паломніка. Тут, у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы, пры спрыянні святароў а. Георгія Роя і а. Паўла Каспяровіча стварылася значная пляцоўка для літаратурна-культурных мерапрыемстваў.

Айцец Павел Каспяровіч прадстаўляе выканаўцаў гімну "Магутны Божа"

На самым пачатку вечарыны вядоўцы Ала Петрушкевіч і Анатоль Брусевіч, запрасілі на сцэну гродзенскіх святароў Дзімітрыя Паўлюкевіча, іерэя Віктара Калацкага, дыякана Аляксандра Калацкага і іпадыякана Антона Федасеева. У іх выкананні прагучаў гімн "Магутны Божа". Нядаўна ў інтэрнэце шырока разышоўся іх відэаролік, дзе "Магутны Божа" гучыць на беразе Нёмана, каля старажытнай Каложскай царквы. Відэа прызначалася для прамоцыі акцыі па збору беларускіх кніг для праваслаўнай бібліятэкі. З рук памочніка старшыні СБП паэта Усевалада Сцебуракі святары атрымалі некалькі дзясяткаў выданняў "Кнігазбору" і кампаніі "Будзьма беларусамі": кнігі, паштоўкі і кампакт-дыскі.

Барыс Пятровіч

Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч шчыра павіншаваў гродзенскіх калегаў са святам, пажадаўшы і надалей заставацца на вастрыі беларускай літаратуры. "Адны імёны людзей, якія ўзначальвалі гродзенскае аб'яднанне, выклікаюць гонар: Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль" -- адзначыў ён. Напрыканцы Барыс Пятровіч ўручыў віншавальныя граматы СБП мінуламу старшыні гродзенскай філіі паэту Юрку Голубу і цяперашняму кіраўніку, празаіку Валянціну Дубатоўку, які быў абраны напрыканцы мінулага года.

Былы шматгадовы старшыня абласной філіі Юрка Голуб прынёс на імпрэзу старыя дакументы, якія засталіся яшчэ ад Аляксея Карпюка. Аўтар "Дануты" нават і ў афіцыйных паперах мог дазволіць сабе жартоўны тон, а ў просьбах і адносінах па арганізацыі дазваляў сабе нестандартны парадаксальны падыход.

Выступае прафесар Аляксей Пяткевіч

Яшчэ больш гістарычныя часы ў сваім выступе закрануў Аляксей Пяткевіч, прафесар Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы, які шмат гадоў займаецца літаратурным краязнаўствам, збірае матэрыялы па біяграфіі пісьменнікаў-гарадзенцаў. Аляксей Пяткевіч распавёў пра нядоўгае існаванне першай абласной арганізацыі СП БССР, якая праіснавала ў Гродне ўсяго два гады - з 1946 па 1948 год, аднак паспела істотна паўплываць на культурны ландшафт. У прыватнасці, намаганнямі абласной філіі і заходнебеларускіх паэтаў Максіма Танка і Піліпа Пестрака было вернута добрае імя Міхасю Васільку, які знаходзіўся пад следствам праз свае вершаваныя публікацыі ў акупацыйным друку.

Жаданым госцем на вечарыне выступіў паэт і публіцыст Міхась Скобла з Зэльвеншчыны, які ўспомніў пра свае першыя дзіцячыя ўражанні ад "каралеўскай Гародні", прачытаў верш пра Нёман, а таксама перадаў падарунак старшыні філіі Валянціну Дубатоўку ад народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча - кнігу вершаў з цёплым віншавальным аўтографам.

Міхась Скобла перадае падарунак Ніла Гілевіча старшыні гродзенскай філіі СБП Валянціну Дубатоўку

Акрамя віншаванняў, госці з Менску прывезлі ў Гродна частку тыражу абласнога альманаха СБП "Новы замак", чацвёртая кніжка якога выйшла якраз да юбілею філіі. Рэдактар альманаха, празаік і эсэіст Сяргей Астравец распавёў пра нялёгкую працу па складанні выпуску. Пра свой альманах расказаў і галоўны рэдактар газеты "Наша слова" Станіслаў Суднік, які прыехаў на вечарыну з Ліды.

Але, апрача літаратурных успамінаў чытанняў, імпрэза мела надзвычай магутны музычны складнік. Напрыклад, перад слухачамі выступіў лаўрэат міжнародных конкурсаў, прафесар Аляксей Пятроў, які выканаў на піяніна паланэз Агінскага і адажыа з балета Яўгена Глебава "Маленькі прынц". Струнны квартэт пад кіраўніцтвам Рэнаты Серафіновіч сыграў творы Габрыэя Фарэ і Дзмітрыя Кабалеўскага, флейтыстка Валерыя Бялко - твор Галіны Гарэлавай. Вакальны дуэт Ганны Русіновіч і Андрэя Матука пад кіраўніцтвам Алы Бінерт выканаў песні "Жураўлі на Палессе ляцяць" і "Мой родны кут". Сапраўднай кульмінцыяй вечарыны стаўся выступ дзяцей, якія чыталі беларускія вершы. Асабліва ўразіў гледачоў эмацыйнае чытанне верша Валянціна Дубатоўкі-старэйшага Валянцінам Дубатоўкам-малодшым.

Скончылася святкаванне 70-годдзя гродзенскай абласной арганізацыяй ўручэннем ганаровых грамат найстарэйшым чальцам філіі і памятнай фотасесіяй.

Грамата паэтцы Дануце Бічэль, шматгадовай старшыні абласной арганізацыі СБП ад Валянціна Дубатоўкі

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org