У Гродне прэзентавалі "Новы замак"

Шырокай публіцы чарговы “Новы замак” быў прадстаўлены ў абласной бібліятэцы імя Карскага, якая месціцца ў цудоўным палацы на беразе Нёмана – у Новым замку.

Вядоўцаю вечарыны была пісьменніца і літаратуразнаўца чароўная Ала Петрушкевіч. Слова ўзялі ўкладальнік Сяргей Астравец, старшыня ГА “СБП” Барыс Пятровіч, паэтка Данута Бічэль, паэт і перакладчык Анатоль Брусевіч, паэт Мікола Канановіч.

Уверсе злева направа: Віктар Сазонаў, Усевалад Сцебурака, Алесь Пашкевіч, Алесь Камоцкі; унізе: Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль, Ірына Мамуль, Віктар Сазонаў 

Крытык і літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч выступіў з грунтоўным разглядам творчасці паасобных аўтараў ды зместу альманаха ў цэлым. Першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч адзначыў у сваім выступе, што гарадзенскія творцы не толькі плённа працуюць у сваім рэгіёне, але і годна выступаюць у рэспубліканскім друку, рэгулярна публікуючыся ў “Літаратурнай Беларусі” і “Дзеяслове”.

Уверсе злева направа: Барыс Пятровіч і Ала Петрушкевіч, Алесь Пашкевіч і Алесь Камоцкі, Анатоль Брусевіч; унізе: Ала Петрушкевіч са студэнткай, Алесь Камоцкі.

Пазітыўны настрой падтрымаў старшыня філіі Юрка Голуб, які зачытаў уласны вершаваны пераклад з альманаха, сцвердзіўшы, што нягледзячы на зразумелыя перашкоды і заўсёдныя складанасці – “Новы замак” адбыўся!

Добрым фінальным акордам сталася выступленне паэта і барда Алеся Камоцкага, які адмыслова завітаў на імпрэзу з Мінска.

Прэсавая служба СБП

Фота Андрэя Мялешкі