У Калінінградзе правялі вечар памяці Максіма Багдановіча

Святкаванне 120-годдзя Максiма Багдановiча зладзіла ў Калiнiнградзе (Караляўцы) Таварыства беларускай культуры. Старшыня таварыства Iгар Шаховiч ужо неаднаразова збіраў разам усіх, хто неабыякавы да беларускай культуры ў Калiнiнградзе. Да гэтага часу ў горадзе згадваюць вечарыны, што былі прысвечаны выбітным дзеячам Беларусі: Багуславу Радзiвiлу, кампазітару Станіславу Манюшку...
Ігар Шаховіч і Зміцер Вайцюшкевіч
Аб жыццi i творчасцi Максiма Багдановiча расказаў слухачам госць з Мiнска Мiкола Трус, адданы і шчыры даследчык творчасці паэта, загадчык кафедры беларускай мовы i лiтаратуры Беларускага тэхналагiчнага ўніверсiтэта.
Ён падкрэслiў значнасць не толькi паэзii Багдановiча, але i яго дзейнасці ў якасці лiтаратурнага крытыка i перакладчыка на беларускую мову Авiдзiя, Дантэ, Верлена, Верхарна, Шаўчэнкі, Кацюбiнскага. Сям`я Багдановічаў вельмі сябравала з Максiмам Горкiм, паэт перапiсваўся з Брусавым. Мiкола Трус адзначыў, што Багдановiча памятаюць у тых мясцiнах, дзе ён жыў: у Яраслаўлi, Нiжнiм Ноўгарадзе, Мiнску, на Гарадзеншчыне, у Ялце. Ва ўсіх гэтых гарадах ёсць помнiкi паэту i дзейнічаюць музеi яго імя.
У Мiнску быў выдадзены трохтомнiк твораў Багдановiча. А цяпер пабачыла свет энцыклапедыя, прысвечаная творчасці славутага паэта. Яе першы сiгнальны экзэмпляр быў перададзены ў падарунак Таварыству беларускай культуры ў Калiнiнградзе. Трэба адзначыць, што калiнiнградцы сталі ўдзельнікамі першай прэзентацыі згаданай энцыклапедыі Максіма Багдановіча.
Энцыклапедыю па творчасці Багдановіча прэзентуе Мікола Трус
На свяце Багдановіча гучалi вершы паэта Вiталя Рыжкова, песнi ў выкананнi Змiтра Вайцюшкевiча, які выступiў з сольнай праграмай. На развітанне музыка заспяваў “Бывайце здаровы, жывiце багата” (словы Адама Русака), падкрэсліўшы, што гэта песня першапачаткова беларуская, а потым яе сталі спяваць на рускай, украiнскай ды іншых мовах.
З вельмi цiкавай прамовай выступіў вядомы ў Еўропе мастак з мястэчка Бобр, што пад Оршай, Алесь Пушкiн. Ен расказаў пра тое, як паўплывала знаёмства з творчасцю Максіма Багдановіча на станаўленне яго светапогляду і нацыянальнай свядомасці. Калі ў 1981 годзе святкавалі 90-годдзе паэта, свет пабачылі такія творы мастака Пушкіна як “Партрэт Максіма Багдановіча” і “Пагоня” ― менавіта іх мастак прадставіў гледачам на імпрэзе.
Алесь Пушкін зазначыў, што найважнейшую ролю ў абуджэнні яго нацыянальнай самасвядомасці адыгралі настаўнікі, якія знаёмілі юнака з беларускай гісторыяй, багатай нацыянальнай культурай. Шмат год прамінула з тых часоў, але і сёння з цеплынёй і ўдзячнасцю Пушкін згадвае сваіх выкладчыкаў.
Таварыства беларускай культуры ў Калiнiнградзе мае шмат сяброў: таварыствы ўкраiнскай, армянскай, лiтоўскай, габрэйскай культуры таксама ўзялі ўдзел у свяце паэзii.
“Усё лятуць і лятуць тыя конi, срэбнай збруяй далёка грымяць…” ― спявалi па-беларуску Мiхась Лiшаеў і Мiхась Галубкiн з Украiны, а ўкраінскі квартэт у якасці музычнага віншавання выканаў “Украiнскiя спiвы”.
Выступае Вацлаў Станкевіч
Генеральны консул Лiтвы ў Калiнiнградзе Вацлаў Станкевiч, які мае беларускія карані, на вельмi добрай беларускай мове падзякаваў за запрашэнне яго на вечарыну i пажадаў усім прыемнага вечара.
Паводле Л. Давыдзенка