У Кіеве адкрыюць помнік Уладзіміру Караткевічу

20 кастрычніка ў Кіеве адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу. У мерапрыемстве возьмуць удзел міністр культуры Беларусі Павел Латушка і міністр культуры Украіны Міхаіл Кулыняк, дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і Украіны, паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры Беларусі.



Помнік Караткевічу ў Кіеве ўсталявалі яшчэ 14 красавіка. Знаходзіцца ён ля пасольства Рэспублікі Беларусь па вуліцы Кацюбінскага, 3. 20 кастрычніка адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця.

На цырымоніі плануецца выступ ансамбля “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Прэс-служба Міністэрства культуры Беларусі паведамляе, што з нагоды адкрыцця помніка ў Нацыянальным кіеўскім універсітэце будзе прэзентаванае спецыяльнае выданне кнігі Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” на чатырох мовах — беларускай, рускай, украінскай і ангельскай, прымеркаванае да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, якое адзначалася ў 2010. У прэзентацыі возьмуць удзел старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва Анатоль Бутэвіч.

Помнік створаны беларускімі скульптарамі Канстанцінам Селіханавым, Алегам Варвашэнем і архітэктарам Аляксандрам Корбутам.

Жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча былі цесна звязаныя з украінскай зямлёй. У 50-я гады ХХ ст. пісьменнік вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне. Знакаміты нарыс пісьменніка “Зямля пад белымі крыламі” ўпершыню пабачыў свет на ўкраінскай мове. У сваіх шматлікіх мастацкіх творах і літаратуразнаўчых артыкулах Уладзімір Караткевіч звяртаўся да ўспамінаў пра жыццё на Украіне, даследаваў творчасць Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Івана Франка і іншых пісьменнікаў Украіны.

tut.by