У Клюшчанах згарэў касцёл, дзе служыў паэт Казімір Сваяк

Фота PhotoCentra.ru.

«У шэсць гадзін раніцы чалавек, які жыве недалёка ад касцёла, пабачыў у вокнах касцёла агонь. Адразу выклікаў пажарных, яны хутка прыляцелі, але ўжо не было чаго ратаваць», — расказвае пчаляр Алесь Марозік, які жыве ў Клюшчанах.

Фота Алеся Марозіка.

Касцёл Святога Яхіма пабудаваны ў 1726 годзе, быў зачынены ў 1948, але вернуты вернікам i адбудаваны ў 1990. У 1915-м невялікі прамежак часу тут служыў вядомы паэт, а таксама каталіцкі святар Кастанты Стаповіч, вядомы таксама пад сваім літаратурным псеўданімам Казімір Сваяк.

«Нічога не ўдалося ўратаваць. Толькі выцягнулі кнігу 1887 года з архівамі, але нават яна напалову згарэла», — працягвае Марозік.

Па непацверджанай інфармацыі, на месца здарэння прыязджаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін.

Фота Алеся Марозіка.

Прэс-сакратар Гродзенскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Наталля Жывалеўская пацвердзіла «НН», што касцёл згарэў датла. Пакуль у МНС няма дакладнай інфармацыі, што сталася прычынай узгарання.

Імшы ў клюшчанскім касцёле праходзілі штотыдзень, у нядзелі, на іх прыязджаў ксёндз з суседніх Міхалішак.

Зміцер Панкавец, Наша Ніва