У Купрэева ў гасцях

Дзе беларуская аўра і пашанота да нацыянальных духоўных каштоўнасцяў і мастацкіх з’яваў праяўлялася б гэтак натуральна і шчыра. Прычым усёй даволі шырокай грамадой людзей, што сабраліся разам, пранікнуўшыся пашанотай да памяці таго чалавека, творчасць якога яны ведаюць і цэняць, каб паслухаць і прыслухацца адно да аднаго…

Леанід Галубовіч і Святлана Купрэева

Шчыра скажу, што, едучы на юбілейныя ўгодкі вядомага паэта і пісьменніка Міколы Купрэева ў Івацэвічы з яго дачкой Святланай, мы нават не маглі ўявіць, наколькі годна паставяцца там да памяці выклятага паэта. Як мне паведамілі, “невялікая юбілейная сустрэча” адбудзецца ў раённай бібліятэцы апаўдня. І мне адразу ўявіліся звычныя для правінцыі, зробленыя дзеля “галачкі”, бюракратычныя нешматлюдна-маўклівыя пасядзелкі з прысутнасцю затоенага раённага ідэолага і дзясятка-двух піянераў ці бээрсээмаўцаў… Таму, з’явіўшыся ў райцэнтры раней часу, мы паехалі адразу на могілкі вёскі Міхнавічы, якая ўжо паглынулася Івацэвічамі. Якраз поруч са старымі могілкамі стаіць былая вясковая школа, дзе жыў і настаўнічаў з жонкай (мачыхай Міколы Сымонавіча) бацька паэта. Ды і сам Мікола таксама гадаваўся тут, пакуль вучыўся ў Івацэвіцкай сярэдняй школе. Пасля ўжо наязджаў сюды радзей, бо адносіны з бацькам рабіліся ўсё больш прахалоднымі.

Злева ўнізе, злева направа: выступае Леанід Галубовіч; выступае Валеры Гапееў; прамаўляе Мікола Папека

Цяпер у гэтым доме жыве ўнучка сястры Міколы Галі, што жыве ў Вялікай Гаці. Той якраз на месцы не аказалася. Таму мы пайшлі на могілкі. Пры ўваходзе на нас абрынулася гала прасвету, ад чаго адразу стала сіратліва і вусцішна. Гэта ж нехта дадумаўся спілаваць старыя дрэвы, што пад сваімі жывымі шатамі як бы паўторна хавалі ад рознай зямной непагадзі пахаваных пад імі людзей. Асабліва шкада было маладога дубка, што рос проста каля грудка Міколы Сымонавіча і выконваў своеасаблівую ролю вартаўніка яго чуйнага спакою. Зрэшты, і пра яго таксама застанецца памяць – цудоўны верш яго земляка-паэта (былога вучня бацькі Купрэева) Аляксея Белага, радкі з якога хацелася б тут працытаваць:

Зноў ты прыйшоў сюды,

Восень нешта навеяла…

Падаюць жалуды

На магілу Купрэева.

(…)

…Птушка ускрыкне “Піць!”

І абміне стадолу.

Чутна, як ліст ляціць,

Бачыш, як льне да долу.

…Вёска. Клады. Спатканне.

Усё – на адной вярсце.

Жолуд адскочыць ад каменя

І – прарасце.

Магіла была надзіва дагледжанай, мы толькі працерлі барэльеф паэта на валуне, прыцягнутым сюды М. Папекам і яго хаўруснікамі ажно з муроў Брэсцкай крэпасці; выкінулі нелюбімыя прыродалюбным Купрэевым густа ўтыркнутыя ў зямны грудок штучныя кветкі ды пасадзілі замест іх шыкоўны куст маладых ружаў… Паставілі зніч, запалілі свечку… Дачка паэта Святлана, неяк няўпэўнена зірнуўшы на маю трыццацігадовую ўшчэнт выцвераджаную сухую постаць, нясмела намякнула: а ці не наліць бацьку чарачку прыхопленай ёю “крынічнай” гарэлкі?.. А чаму б і не?! Ды гэта нават першачаргова трэба было зрабіць. Хаця, канечне, лепш бы якога таннага прастанароднага віна-“чарніла”, што лягчэй здабывалася і давалася яго зболенаму арганізму. Ну, то за твой доўгі творчы век, Мікола, – будзь!..

У бібліятэцы нас сустрэлі прыязна і цёпла, можна сказаць, па-сяброўску. А тое, што пачалося далей, проста здзівіла. Аказваецца супрацоўніцы (дырэктар Галіна Міхнюк, адзел маркетынгу, бібліятэкаркі Ганна Ашкала, Антаніна Саявец, Людміла Монцік, Вольга Вазнішчык, Людміла Леановіч) падрыхтавалі драматычна-дэкламацыйную кампазіцыю паводле пакручастай біяграфіі Міколы Купрэева, сюжэтна звязаўшы яе з найбольш выбітнымі творамі паэта і пісьменніка…

Фота на памяць

Было прыемна чуць з розных куткоў утульнай залы яго вершы і вытрымкі з мастацкіх празаічных твораў, нібыта яны выдыхаліся з вуснаў шматлікіх простых людзей, што атачалі яго няпростае чалавечае і літаратурнае жыццё… Затым, абсалютна не папярэдзіўшы пра тое, да жывой і зацікаўленай гаворкі пра лёс юбіляра падключылі і нас, гасцей імпрэзы: вядомага пісьменніка Валерыя Гапеева, паэта і пчаляра Міколу Папеку, Леаніда Галубовіча, мясцовага сатырыка Віктара Рэчыца і дачку паэта Святлану Купрэеву… Усе выступы былі кранальна-даверлівымі, паважліва і з цікаўнасцю выслуханыя, а падчас і дарэчна дапоўненыя людзьмі з залы…

Не было падзелу на вядучых і прысутных – усе гаварылі і чулі адно аднаго, нярэдка сентыментальна, да слёз у вачах успамінаючы вядомага паэта і земляка. Быў у чытальнай зале з густам аформлены насценны стэнд з кнігамі М. Купрэева з яго дарчымі надпісамі, а таксама шматлікія, у тым ліку рэдкія і малавядомыя, публікацыі ў перыядычных выданнях з аўтографамі аўтара. На сталах былі раскладзены рознакаляровыя буклеты з фотаздымкамі, біяграфічнымі выкладкамі, вершамі і празаічнымі творамі Міколы Сымонавіча. Івацэвіцкая раённая газета прымеркавала да юбілею вядомага земляка старонку памяці. А ў самім горадзе і яго ваколіцах быў праведзены велапрабег “Па сцежках Купрэева”. Уяўляю, як ягоным удзельнікам давялося вырульваць у некаторых месцах!..

Агулам – калі б так здарылася, і Мікола Купрэеў прыадкрыў вочы ды пачуў-пабачыў, што тут у яго гонар дзеілася – то, пэўна, другім разам паміраць ужо заўпарціўся б… Ды й ці памёр ён па сутнасці, – бо духам і словам сваім ён жывы дагэтуль і, мяркуючы па тым, як пашанотна ставяцца да памяці і творчай спадчыны, яшчэ доўга жыцьме. Аж покуль будзе жыць у нас сама беларушчына.

ЛеГал, для lit-bel.org