У Латвіі знялі фільм “У тумане” паводле аповесці Быкава

У Латгаліі (Латвія) завершаны здымкі фільма “У тумане” паводле аповесці Васіля Быкава, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар кінастудыі “Беларусьфільм”, якая задзейнічана ў стварэнні фільма, Валянціна Белякова.
Фота са здымачнай пляцоўкі
Над фільмам працуе вядомы рэжысёр Сяргей Лазніца. ”У тумане” ― міжнародны
кінапраект, над яго вытворчасцю працуюць MA.JA.DE Fiction (Германія),
кінакампанія «Джы Пі» (Расія), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрланды),
а таксама тэлеканал ZDF / ARTE ( Германія), Фонд падтрымкі еўрапейскага
кіно EURIMAGES. Правы на продаж карціны ў свеце належаць кампаніі Match
Factory.
Гістарычная стужка была знятая за 28 дзён. У групе працавалі латышы,
літоўцы, немцы, рускія, беларусы, палякі, румыны, чэхі ― усяго на пляцоўцы
гучала дзевяць моў. “Мы ўсе служылі агульнай справе, і я ўпэўнены, што
гармонія, якая панавала на здымачнай пляцоўцы, увасобіцца на экране”, ―
адзначыў Сяргей Лазніца.
Надвор'е спрыяла міжнароднай здымачнай групе, якая сабралася ва ўсходняй Латвіі
на пачатку студзеня, каб зняць зімовыя сцэны фільма. Нягледзячы на небывала мяккую зіму ў Еўропе, у Латгаліі выпаў снег і
ўдарылі маразы, што дазволіла Сяргею Лазніцу зняць натуру згодна з графікам.
Цяпер рэжысёр працягвае супрацоўніцтва з румынскім аператарам Алегам Муту
(працаваў над фільмамі “Смерць спадара Лазарэску”, “4 месяцы, 3 тыдні, 2 дні”),
расійскім мастаком-пастаноўшчыкам Кірылам Шувалавым (“Шультэс”, “Паляўнічы”),
беларускім гукарэжысёрам Уладзімірам Галаўніцкім (“Блакада”, “Як я правёў
гэтым летам”). У міжнароднай здымачнай групе фільма “У тумане” працуюць
таксама польская мастачка па касцюмах Дарота Рокепла (“Млын і крыж”, “Плошча
Збавіцеля”) і рэжысёр з Чэхіі Марцін Себик (“Фаўст”, “Хронікі Нарніі: прынц
Каспіян”).
У галоўных ролях занятыя: выпускнік РАТМ-ГИТИС Уладзімір Свірскі (Беларусь), а
таксама Сяргей Колесаў і Ўлад Абашын (Расія). У эпізодах ўдзельнічаюць
румынскі актор Улад Іваноў і расіяне Барыс Каморзін, Міхаіл Яўланаў, Дзмітры
Быкоўскі, Юлія Перасільд, Надзея Маркіна.
Сяргей Лазніца называе фільм, у аснове якога ― аднайменная аповесць Васіля
Быкава, драмай «пра чалавека, які спрабуе зрабіць маральны выбар у амаральных
абставінах». Дзеянне адбываецца на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі ў
1942 годзе. Працаўніка з абслуговага пэрсаналу чыгункі Сушчэню несправядліва
абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі. Два партызана прыязджаюць да
Сушчэні на хутар, каб здзейсніць расправу над здраднікам. Сушчэня спадзяецца
даказаць сваю невінаватасць ...
Прэм'ера фільма “У тумане” чакаецца вясной 2012 года.
Паводле naviny.by