У Лявона Вольскага выйшла першая кніга

У серыі “Кнігарня пісьменніка” Саюза беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” выйшла першая кніга вядомага беларускага музыкі Лявона Вольскага “Міларусь”.
Кніга стала своеасаблівым падарункам аўтару на яго 46-годдзе, якое Лявон Вольскі адсвяткаваў 14 верасня.
У інтэрв’ю рэсурсу naviny.by Лявон Вольскі адзначыў:
“Гэта кніга прозы. У ёй адна аповесць “Пакуль сабачка жывы”
і шэраг апвавяданняў, напісаных з большага напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х
гадоў. Ёсць і некалькі
ранейшых і зусім ранніх апавяданняў, такіх, што самому смешна зараз іх чытаць.
Але мне не сорамна ні за што з прэзентаванага у гэтай кнізе. Прачытаўшы кнігу,
людзі змогуць акунуцца у дзікаватую атмасферу гэтых 1990-2000-х гадоў. Там ёсць
і брудныя вуліцы, і бітае шкло, шмат таго, чаго зараз ўжо і няма”.
Назву зборніку дало адно з апавяданняў пра тое, як “розныя беларускія
актывісты, якія хочуць нешта змяніць, вырашаюць змяніць назву краіны”, таму што
лічаць, менавіта яе вінаватай ва ўсіх народных бедах.
Наклад мастацкай кнігі аднаго з самых культавых беларускіх музыкаў – 1000 асобнікаў. Таксама ў хуткім часе яе pdf-варыянт з’явіцца ў інтэрнэце.
Па словах аўтара, ён спадзяецца, што “будзе і урачыстая імпрэза, і паступленне кнігі ў продаж. Пра гэта будзе аб’яўлена бліжэйшым часам”. А таксама думае, што гэта не апошняя яго кніга: “У зборнік “Міларусь” увайшло
не ўсё з напісанага мною. Ды й наогул — што за пісьменнік такі з адной кнігай?”
“Няхай лепей людзі чытаюць самую кепскую
беларускую літаратуру, чым глядзяць самае лепшае беларускае тэлебачанне”,
— падсумаваў Вольскі.