У Магілёве абмеркавалі захады па стварэнні музея Алеся Адамовіча

5 лістапада 2016 года ў Магілёве адбылася сустрэча ў фармаце круглага стала па тэме “Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадства і ўлады”. На абмеркаванні прысутнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ігар Марзалюк, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, чыноўнікі ад Бабруйскага раёна – радзімы Алеся Адамовіча. Актыўны ўдзел у сустрэчы ўзялі актывісты розных грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, краязнаўцы і гісторыкі, чальцы пісьменніцкіх саюзаў, рэпарцёры. Прыехала і дачка Алеся Адамовіча – Наталля Адамовіч, якая ўжо даўно займаецца справай стварэння музея.

adam1

“Круглы стол” сабраўся ў памяшканні “Тэхнапарка”

На пачатку сустрэчы Ігар Марзалюк узгадаў значнасць фігуры Алеся Адамовіча ў справе яднання беларусаў і выказаў здіўленне з нагоды таго, што ў абмеркаванні не прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры. Дэпутат прапанаваў стварыць рэспубліканскі камітэт святкаванні 90-годздзя Алеся Адамовіча.

adam2

Ігар Марзалюк

Яго падтрымала і Алена Анісім, яна ў сваю чаргу прапанавала ўключыць гэтыя мерапрыемствы ў план дзейнасці Міністэрства культуры на наступны год, а музею надаць статус нацыянальнага.

Ідэю стварэння цэлага музейнага комплексу кшталту Купалаўскага ці Коласаўскага выказаў кандыдат філалагічных навук Яраслаў Клімуць. Гэта, на яго думку, зможа прыцягнуць большую колькасць турыстаў, а сродкі, акрамя дзяржаўных, можна сабраць праз дабрачынныя тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы.

Актыўна абмяркоўваліся стан будынка і захады, якія трэба тэрмінова зрабіць для яго захавання, былі агучаны сумы, неабходныя на першым этапе для распрацоўкі праекта яго аднаўлення. Узгадалі і ўсе папярэднія працы і мерапрыемствы, праведзеныя як мясцовымі ўладамі, так, у прыватнасці, і Таварыствам аховы помнікаў.

Трэба сказаць, што папярэдне ўжо сабрана невялікая сума (каля 9 міліёнаў недэнаменаваных рублёў) на дабрачынны рахунак, які быў адкрыты адмыслова для збору сродкаў на стварэнне музея. А падчас круглага стала была агучана заява Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч аб тым, што яна ўнясе ў фонд музея пяць тысяч долараў.

adam4

Наталля Адамовіч – дачка Алеся Адамовіча

Гарачыя спрэчкі сярод удзельнікаў сустрэчы выклікаў эмацыйны выступ Алега Дзьячкова – старшыні гарадской суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны. Па яго словах, дзяржаве трэба мяняць адносіны да нацыянальнай культуры, бо, напрыклад, творчасць Алеся Адамовіча нават не ўключана ў школьную праграму. Не ўсё добра і з невялікімі вясковымі музеямі. Так, на сёняшні дзень у вельмі крытычным стане знаходзяцца два музея на радзіме нашых знакамітых землякоў Аркадзя Куляшова і братоў Гарэцкіх. І гэта адбываецца яшчэ і таму, што такія музеі практычна выключаны з усіх турыстычных маршрутаў і мала хто пра іх ведае, хоць гэта адны з самых вядомых беларускіх літаратараў.

adam3

Алег Дзьячкоў і Алена Анісім

У выніку ўсіх абмеркаванняў было прынята рашэнне стварыць пры абласной суполцы Таварыства беларускай мовы грамадскую раду, якая будзе кантраляваць збор сродкаў на музей. На рэспубліканскім узроўні прапанавана стварыць нацыянальны аргкамітэт па святкаванні 90-годдзя Алеся Адамовіча. Камітэт павінен падрыхтаваць серыю мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці пісьменніка, сярод якіх будзе і стварэнне музея. Па дапамогу ў фінансаванні было вырашана звярнуцца да органаў Саюзнай дзяржавы, а тэатральным калектывам рэспублікі прапанаваць правесці дабрачынныя спектаклі. Прынята і прапанова ад ТБМ у правядзенні валанцёрскіх прац па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол музея. А яшчэ прысутныя параілі надаць імя Алеся Адамовіча бібліятэцы ў вёсцы Глуша.

Сустрэчу зладзілі ў сценах “Тэхнапарка” пры падтрымцы і актыўным удзеле сябраў Магілёўскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.

Алесь Сабалеўскі, 6tv.by