У Маскве з'явілася бібліятэка для бяздомных

Як паведамляюць расійскія СМІ і блогі, учора ў Маскве адкрылася бібліятэка для бяздомных людзей.

Ініцыятарамі стварэння першай бібліятэкі для бяздомных сталі маскоўскія студэнты-блогеры. Ідэя з’явілася пасля таго, як аднойчы яны ўбачылі бяздомнага, які захоплена чытаў кнігу. Выявілася, што гэта былы грамадзянін Беларусі, які прыехаў у Маскву на заробкі, ды так і застаўся там валацугам.

На Чыстапрудным бульвары пройдзе збор кніг і іншай друкаванай прадукцыі, у якой можуць паўдзельнічаць усе, хто пажадае. А бяздомныя, у сваю чаргу, могуць бясплатна забраць ўпадабаную кнігу.

Мабільная бібліятэка мае сваёй мэтай даць бяздомнаму выбар. Бібліятэкарам ж, па словах блогера Эльдара Бадырханава, мог бы зрабіцца валацуга Леў, аматар гістарычных раманаў. "Чалавек адрозніваецца ад жывёлы тым, што яму патрэбныя не толькі ежа і цяпло, — адзначае блогер. — Дзяржава і валанцёры забяспечваюць цяпло і ежу, але няма службы, якая дапамагала б забяспечыць патрэбу духоўнай ежы".

 

 

Дзіўнае супадзенне ў тым, што акурат сёння адбудзецца прэзентацыя кнігі Андрэя Пакроўскага “Як я перастаў верыць у дзеда Мароза”, якая змяшчае гісторыю пра валацугу-кнігалюба.

"Пакіньце дачытаць"

Я сядзеў у парку і чытаў кнігу, калі раптам да мяне падышоў бомж, ад якога моцна несла друкарскаю фарбаю. Ён нёс велічэзны заплечнік і два пакеты. Пэўна, ён цягаў іх за сабою, каб яго не знесла ветрам, бо быў надзвычай худы і кволы. Здавалася, у любую хвіліну ён можа разваліцца на вялікую колькасць дробных кавалкаў, з якіх потым першакласнікі будуць складаць непрыстойныя словы.

 
— Прабачце, а пакіньце, калі ласка, дачытаць, — прамовіў бомж, папраўляючы свае акуляры і не выпускаючы пакетаў з рук.
— Але ж у мяне яшчэ больш за палову. Пачакайце троху, я хутка сыду і пакіну кнігу на лаве, — адказаў я.
— Лепей вы мне патэлефануйце, — сказаў бомж і працягнуў сваю зробленую з кніжнай старонкі візітоўку, на якой былі два нумары: адзін вэлкомаўскі, а другі эмтээсэсаўскі.
— Добра, — адказаў я, — а як увогуле жыццё, чаго сёння назбіралі?
— Ат… збольшага папсня: Усцінава, Данцова, Нязнанскі, Хадановіч, Даніэла Сціл, Марыніна… Ну, я пайду, не забудзьце патэлефанаваць.
— Канечне. Удачы.

 

Прэзентацыя пачнецца ў 18.30 у Галерэі “Ў” па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 37А і закончыцца аўтограф-сесіяй аўтара ў кнігарні “логвінаЎ”.

Прэсавая служба СБП