У Маскве з'явіцца помнік Сімяону Полацкаму

Помнік Сімяону Полацкаму у Полацку. Фота Tranzit-by / wikipedia.org

“Думаю, што не ў гэтым годзе, але мы прасунуліся досыць далёка. З мэрыяй Масквы ўжо ўзгоднена месца, вышукваюцца грошы”, — цытуе словы Барыса Святлова ІТАР-ТАСС. Міністр таксама адзначыў, што праца па стварэнні скульптурнага твора будзе фінансавацца Саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі.

Сімяон Полацкі нарадзіўся ў заможнай купецкай сям’і ў Полацку, атрымаў бліскучую адукацыю ў навучальных установах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У 1656 годзе ён прыняў манаскі пострыг, мяркуючы па подпісу “Simeonis Piotrowskj Sitnianowicz hieromonachi Polocensis Ordinis Sancti Basilii Magni” — быў манахам каталіцкага ордэна Базылянаў візантыйскага абраду.

У 1664 годзе Сімяон Полацкі выехаў у Маскву, а ў 1667-м яго прызначылі выхавальнікам і настаўнікам дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Найбольшай падтрымкай карыстаўся ў цара Фёдара Аляксеевіча (1676—1682). У 1678-м заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, першай кнігай якой быў «Букварь языка славенска». З ініцыятывы Сімяона Полацкага ў Маскве адкрылася першая вышэйшая агульнаадукацыйная навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, створанага ў 1672-м пры двары Аляксея Міхайлавіча.

У 1680 годзе Сімяон Полацкі раптоўна памёр на пяцьдзясят першым годзе жыцця. Сваю вялікую бібліятэку пісьменнік завяшчаў размеркаваць у асноўным паміж чатырма манастырамі, да якіх меў непасрэднае дачыненне, — Маскоўскім Заіканаспаскім, Полацкім Багаяўленскім, Кіеўскім Пячорскім і Брацкім. У 1690 Маскоўскі патрыярхат абвясціў творам Сімяона Полацкага анафему і забараніў згадваць іх як ерэтычныя.

Адзін помнік Сімяону Полацкаму ўжо існуе — ён быў адкрыты ў Полацку 7 верасня 2003 года ў Дзень беларускага пісьменства. Аўтары помніка: скульптар Аляксандр Фінскі, архітэктары Георгій Фёдараў і Наталля Цавік.

news.vitebsk.cc