У Менску выступіць «дзіўная» пісьменьніца Брыгіта Шэр

Інстытут імя Гётэ ў Менску прадставіць 24 і 25 верасьня 2010 шматгранную творчасьць швэйцарскай пісьменьніцы і сьпявачкі Брыгіты Шэр, якая працуе на памежжы розных відаў мастацтва: літаратуры, музыкі, пэрформансу. Яе кнігі і дыскі для дзяцей і дарослых адзначаны цэлым шэрагам прэмій і ўзнагарод, творы перакладзены на 12 моваў сьвету, зараз і на беларускую.



У суаўтарстве з калегамі-музыкамі Брыгіта Шэр распрацавала ўнікальны фармат канцэртных чытаньняў, які найбольш поўна раскрывае шматлікія эмацыйныя вымярэньні яе тэкстаў.

Брыгіта Шэр зачароўвае сваім непаўторным голасам, знаходзіць выразныя формы для ўсёй палітры чалавечых эмоцый і пачуцьцяў, ад глыбокай задуменнасьці да заліхвацкай весялосьці. Яна распавядае гледачам пра іх саміх: пра іх надзеі, мары і страхі, дарослыя і дзіцячыя, пра адзіноту і прагу жыцьця, пра цуд і небясьпекі каханьня.

У Менску пісьменьніца прадставіць чатыры канцэртныя праграмы, як для дзяцей, так і для дарослых. Гледачоў чакае арыгінальнае спалучэньне тэксту і музыкі, дэклямацыі і сьпеваў.

24 верасьня ў 12.00 у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы ім. Астроўскага па адрасе пр. Газэты «Праўда», 20 Брыгіта Шэр прасьпявае і раскажа дзецям пра «Вандроўкі Базыля вакол сьвету». У 19.00 таго ж дня ў актавай залі Інстытута імя Гётэ па вуліцы Веры Харужай 25 / 3 можна будзе ўбачыць «літаратурны нумар канатаходкі» ў праграме пад назвай «На канаце высока над зямлёю». У рамках гэтага сцэнічнага чытаньня гісторыі Брыгіты Шэр прагучаць ня толькі ў аўтарскім выкананьні на нямецкай мове, але й па-беларуску ў выкананьні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Зоі Белахвосьцік.

25 верасьня ў 12.00 у Інстытуце імя Гётэ школьнікі пачуюць пра «Дыназаўраў унутры Месяца», а таксама іншыя «дзіўныя» гісторыі і песьні. Для дарослых у 18.00 таго ж дня Брыгіта Шэр падрыхтавала «Палёт у Сусьвет».

generation.by