У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя беларушчынай"

6 сакавіка ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі праваабаронцы і пісьменніка Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”, куды ўвайшлі літаратуразнаўчыя эсэ і нарысы пра беларускіх пісьменнікаў. Аўтар задумваў выпусціць гэтае выданне раней, да свайго 50-годдзя, аднак сталася так, што яно пабачыла свет толькі цяпер, калі Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі.  

 

Паэт, паплечнік і сябар Алеся Бяляцкага, вядучы вечара Сяржук Сыс адзначыў, што выхад кнігі спадара Алеся – надзвычайная падзея, якая рыхтавалася даўно, і хаця яна выйшла ў такі складаны час, аўтар змог дапоўніць кнігу новымі матэрыяламі. Знаходзячыся ў няволі, Алесь працаваў над новымі эсэ і дасылаў іх у лістах да сваіх сяброў і калег, якія апрацоўвалі рукапісы і спрыялі выданню.

 

Сяржук Сыс

У сваіх артыкулах Алесь Бяляцкі закрануў тэму беларускай турэмнай літаратуры, напісаўшы пра зборнік Уладзіміра Някляева “Лісты да волі”. Асаблівай увагі варты нарыс-даследаванне пра жыццёвы і творчы шлях Хвядоса Шынклера.

Многія са змешчаных у кнізе артыкулаў раней былі апублікаваныя ў часопісах “Дзеяслоў”, “Маладосць”, газеце “Літаратура і мастацтва”.

У працяг прэзентацыі быў паказаны дакументальны фільм, прысвечаны праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага.

 

Выступае Барыс Пятровіч

Празаік, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч заўважыў:

– Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці стаялі менавіта літаратары: варта згадаць братоў Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Цішку Гартнага. Сталася так, што ў нейкай ступені Алесь паўтарыў лёс сваіх папярэднікаў і стаў займацца больш грамадскай дзейнасцю, чым літаратурай. Некалі ў канцы 1980-х Алесь вёў аўтарскую калонку ў “ЛіМе”. Асаблівымі былі ягоныя матэрыялы, рэцэнзіі на кнігі. Будучы грамадскім дзеячам, Алесь ніколі не забываўся на літаратурную працу, хаця часу і не хапала. Магчымасць звярнуцца зноў да творчай работы ў яго з’явілася, на жаль, толькі тады, калі ён апынуўся ў няволі. Алесь Бяляцкі надзвычай адметны літаратурны крытык, што пацвярджае і кніга “Асьвечаныя беларушчынай”.

 

Уладзімір Някляеў

“Някляеў-палітык не знішчыў Някляева-паэта”, – адзначыў у сваім эсэ Алесь Бяляцкі. Уладзімір Пракопавіч агучыў верш, прысвечаны спадару Алесю, а таксама зачытаў фрагменты з дасціпных успамінаў спадара Бяляцкага пра час яго маладосці і ягонае літаратурнае пакаленне.

 

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец распавёў пра аўтара кнігі “Асьвечаныя беларушчынай” як пра чалавека з шырокімі грамадскімі поглядамі, які заўсёды імкнуўся ўвасобіць у жыццё ідэю адкрытай беларускасці, якая шукае сабе прыросту, пашырэння, імкнецца павялічыць колькасць нацыянальна напоўненых людзей. Канцэпцыя адкрытасці ўзнікла яшчэ ў адраджэнскую, нашаніўскую пару, менавіта яе прапаноўвалі як найбольш жыццяздольную браты Луцкевічы.

 

Генадзь Бураўкін

Генадзь Бураўкін падзяліўся з гледачамі сваім бачаннем асобы Алеся Бяляцкага, яго праваабарончай і літаратурнай дзейнасці:

– Настолькі сумленны, настолькі чысты і светлы чалавек Алесь, што немагчыма не любіць яго. Кніга выдадзеная вельмі дастойна, аформленая Уладзімірам Вішнеўскім – сціпла, інтэлігентна і таленавіта. І выданне вартае самых добрых навуковых ацэнак: тое, што напісаў Алесь пра Шынклера, Аляхновіча – новае слова ў беларускай крытыцы. Творчы партрэт Анатоля Сыса настолькі адметны, што таму, хто будзе пісаць пра гэтага паэта пасля Бяляцкага, будзе вельмі цяжка яго пераўзысці.

Укладальніца кнігі, пісьменніца Паліна Сцепаненка распавяла пра тое, як рыхтавалася выданне, мастак Уладзімір Вішнеўскі расказаў пра стварэнне вобраза для вокладкі кнігі. Ігар Бабкоў у сваім выступе закрануў часы Таварыства вольных літаратараў і заклікаў да палемікі ў літаратуры, да новых даследаванняў. Выступілі таксама Уладзімір Арлоў, Жанна Літвіна. У залі прысутнічала сястра Алеся Бяляцкага – Вольга. Завяршыўся вечар словам Язэпа Янушкевіча.    

Прэсавая служба СБП, фота ВТ