У Мінску адбылася прэзентацыя новай кнігі Сяргея Балахонава

19 студзеня ў мінскай кнігарні "логвінаЎ" была прэзентаваная новая кніга гомельскага літаратара і выкладчыка Сяргея Балахонава "Зямля пад крыламі Фенікса".
Сяргей Балахонаў
Ці праўда, што Мішэль Настрадамус насамрэч ліцвінскі хлопчык, які пад уздзеяннем напою з пялёсткаў папараць-кветкі стаў бачыць будучыню?
А ведаеце, што Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт названы імем Скарыны зусім невыпадкова? Першадрукар служыў у гомельскім спецназе, дзе здаў нават на крапавы барэт. У якім і быў адлюстраваны на славутай гравюры.
Ну, а вірус Беларушчыны перадаецца праз укусы адмыслова выгадаваных пчолак. Няўжо і гэтага не чулі?
Калі не, то тэрмінова ў кнігарні, дзе з’явілася новая кніга гомельскага пісьменніка і настаўніка Сяргея Балахонава «Зямля пад крыламі Фенікса». Аўтар прапануе альтэрнатыўны погляд на гісторыю Беларусі, дзе ёсць месца Супер-Марыё, апошні аднарог спявае «Дудку беларускую», а Палямон-Палявік яшчэ да Калумба плаваў на амерыканскі кантынент.
Непадрыхтаваны чытач можа прыняць містыфікацыі Балахонава за чыстую манету.
Аксана Бязлепкіна
Пра гэта ў суботу на мінскай прэзентацыі кнігі ў кнігарні «Ў» казала выкладчыца беларускай літаратуры Аксана Бязлепкіна. Яе некаторыя студэнты прачыталі тэксты Балахонава як абсалютна гістарычныя. «Прыкінь, нашы Амерыку адкрылі», — відаць, можна пачуць ад іх.
Анка Упала
Зрэшты, быў адзін скрупулёзны студэнт, які разбіраў творы Балахонава слова за словам, дзе праўда, а дзе няпраўда. Ну дык высветліў, напрыклад, што ў Марока хронікі сталі ствараць на стагоддзі пазней, чым напісана ў кнізе. Зрэшты, усё адно спатыкнуўся на французскай газеце Le Grand Bleu. Ён знайшоў, што так завецца яхта Абрамовіча, хоць насамрэч мелася на ўвазе карціна Люка Бесона.
Прэзентацыя пачалася са спевамі. Пісьменнік, увесь у чорным, зацягнуў верш «За сіняй гарой», дзе ёсць такі радок «на ўскрайку зямлі, дзе цемра наўсцяж пад цмока крылом».
Сяргей Балахонаў шчыра прызнаўся, што пачыналіся стварацца містыфікацыі з банальнага «жадання выпендрыцца». Пісаліся творы 9 гадоў, ад 2002 да 2011. Першыя з іх друкаваліся ў «Нашай Ніве».
Ігар Бабкоў
Выступалі на імпрэзе пісьменнікі Ігар Бабкоў, Анка Упала, рэдактар кнігі Аўген Касцюшка, бард Андрэй Мельнікаў кранальна выканаў старыя хіты.
Пасля песні «Гэта — мы» Ігар Бабкоў сказаў «Жыве Беларусь», то Балахонаў дадаў: «Паціху».
Рэдактар кнігі Аўген Касцюшка
Скончылася ж усё на жыццесцвярджальной ноце, як можа інакш. Герой вечара выканаў песню на матыў славутай «Надзенькі»:
У канвойных вайсках служыў парань адзін.
Яго служба сем месяцаў шла.
Ўдруг падруга яму напісала пісьмо:
«Ізвяні, я табе невярна».
Шукайце кнігу ў незалежных распаўсюднікаў!
Тэкст Зміцер Панкавец, nn.by
Фота lit-bel.org