У Мінску адбыўся фінал «Фэсту аднаго верша»

Удзельнікі падпісваюцца псеўданімамі, і журы галасуе ўсляпую. Сёлета сярод «ананімных паэтаў», як пажартаваў Андрэй Хадановіч, перамагла нехта Адэлаіда Грубка. За псеўданімам хавалася паэтка Марыя Мартысевіч.

Ужо сёмы год запар паэт Георгій Барташ у паслянавагодні час («калі пахмелле выветрылася, і можна неяк успрымаць людзей») збірае сяброў у Музеі Янкі Купалы. Ад удзельнікаў конкурсу патрабуецца толькі адзін верш на святочна-зімовую тэматыку.

Гэтым разам на фэст прыляцела 64 заяўкі – прычым не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Эстоніі, Літвы, Украіны і Румыніі. Большасць твораў было на беларускай мове. 

Віка Трэнас, якая таксама была вядоўцай, бы на нарадзе, строга паведаміла, што з усіх абласцей Беларусі Віцебская і Магілёўская не даслалі ні вершыка і што ў наступным годзе «трэба падцягнуць». А Георгій Барташ адразу папрасіў не расстройвацца ўсіх, хто не прабіўся ў фінал: «Я сам удзельнічаў чатыры разы, і толькі два з іх быў сярод фіналістаў», – сказаў ён у пацверджанне таго, што блату тут няма.

Вольга Паўлючэнка

З усёй разнастайнасці вершаў, так ці інакш звязаных з зімой, выбіваліся такія тэмы: вершы пра адзіноту ў святы і пра навагодняе пахмелле, якое дадае ва ўзнёслую атмасферу цуду троху горкай бытавухі і экзістэнцыйнай тугі, таксама было некалькі сумных жартаў пра анамальную адсутнасць снегу зімой альбо, наадварот, атмасферныя творы, у якіх змяшаўся ўвесь навагодні глінтвейн: ёлкі, каханне, заснежаныя гарады, анёлы і мандарыны.

Фэст добры тым, што праходзіць даволі дынамічна, можна хутка скласці ўражанне адразу пра многіх паэтаў, у якіх няма магчымасці доўга чытаць, бязлітасна перагортваючы старонкі.

Сярод фіналістаў былі Алесь Плотка, які хаваўся пад псеўданімам Стась Абменнік і прачытаў кароткі верш пра вампіра, Алена Пятрова з вершам пра белы снег і Куццю, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, які падпісаўся “Сіні слон” і кантраставаў са сваім псеўданімам ярка-малінавай кашуляй. За журналіста Андрэя Бастунца аддаў голас Віктар Шніп. “Ён тут сядзіць у зале, таму можаце выразіць сваю ўдзячнасць проста яму ў твар”, – параіў Георгій Барташ. Андрэй нічога такога рабіць не стаў, а проста прачытаў сумна-шурпаты верш. Стась Карпаў атрымаў ажно сем галасоў ад сябраў журы, але пераможцам яго не назваў ніхто. “З аўтарам адбыўся абмен меркаваннямі, дзе ён вельмі ёміста і катэгарычна выказаўся і пра арганізатараў фестывалю, і пра сябраў журы, напэўна, таму прыза яму і не далі, – пракаментаваў Георгій Барташ і прымірэнча дадаў: – Я б не хацеў, каб ты сыходзіў з пустымі рукамі, таму падару табе шакаладку».

Алесь Плотка

Паэт з Брэста Уладзімір Глазаў, пра якога пасля выхаду яго кнігі “Время собственное” некаторыя крытыкі загаварылі як пра аднаго з найбуйнейшых паэтаў сучаснасці, у Мінску выступае рэдка, і многія сапраўды пабачылі яго ўпершыню. Ён прачытаў «несвяточны верш», які пачынаўся словамі «Новый год без снега, любви, денег» і ўтрымліваў рыфму «водка-селёдка».

Былі паэты з далёкіх краёў, напрыклад, недзе на Волзе, з іх вершаў Барташ утвараў поліфанію. Ён раздаваў гледачам тэксты, і яны агучвалі іх па радках з розных куткоў залы і ў розных манерах, некаторыя чыталі такімі аксамітнымі галасамі, як акцёры ў аўдыёкнігах. Атрымліваўся цікавы эфект, а Георгій Барташ дырыжаваў гэтым аркестрыкам. Можа, толькі верш Тані Скарынкінай, якая не змагла быць у зале, трошку пацярпеў ад такога выканання.

Цікава, што вершы пра бясснежную зіму прыляпляліся адзін да аднаго, як вясновы шэры снег да рукавіц, і ішлі парамі: «Гурбаў, санак, лыж, канькоў, маразоў, снегавікоў зноў няма – зіма», – твор можна дасылаць таксама на які-небудзь фэст самага кароткага верша, замест аўтара Андрэя Лазара яго прачытала маладая мама з анёльскага выгляду дзяўчынкай. А Кацярына Шчасная тут жа працягнула ланцужок творам пра «бясконцы «нуль».

Ну і цяпер пра пераможцаў. Кожны сябра журы абіраў свайго фаварыта і дарыў яму нешта сваё – кнігу, часопіс, дыск, электронныя прылады, аўтограф.

Андрэй Хадановіч

Паэт Віктар Жыбуль абраў верш чалавека па імені Зміцер Захарэвіч, але твор раптам ператварыўся ў песню, бо аўтар выйшаў з гітарай і адчайна забіў па струнах у манеры дваровага фальклору, таму паэтычнасць словаў цяжкавата было ацаніць.

Крытык Ціхан Чарнякевіч, які на фэст не прыйшоў, бо святкаваў дзень народзінаў сына, аддаў голас беларускай паэтцы Наталлі Рак, якая жыве ў Румыніі.

Людміла Рублеўская ацаніла верш пра Раство паэта і лідара гурта «Нельга забыць» Міхаіла Бараноўскага.

Максім Шняк стаў фаварытам Сяргея Пукста, праўда, музыка і сябра журы на ўзнагароджанне не прыйшоў, пакінуўшы Максіма без прыза. «Калі што, апошні альбом Пукста выкладзены ў інтэрнэце ў адкрытым доступе»,– супакоіў Барташ. Максім Шняк прачытаў «марудны верш» сапраўды сцішана і павольна, здавалася, што радкі складаюцца і выцягваюцца з галавы аўтара проста падчас выступу.

Паэтка Тацяна Светашова выступіла з вершам пра падарожжа ў Серабранку, «самое жерло ада», дзе «без ножа ходить лучше не надо». Крытык Наталля Капа сказала, што яе душа адгукнулася на гэты твор, бо сама Наталля жыве ў спальным раёне. «І я хачу падарыць Таццяне…» – Капа зашапацела пакетам. «Нож», – здагадаўся хтосьці ў зале.

Марыя Мартысевіч

Андрэй Хадановіч ніяк не змог вызначыцца з адзіным кандыдатам і абраў адразу двух – Насту Кудасаву і Марыю Мартысевіч, якая па агульнай колькасці галасоў і перамагла ў фэсце. Марыя расказала, што яе верш прысвечаны ваколіцам Бярозы, дзе быў раней манастыр картэзіянцаў і дзе была капліца Святога Антонія.

Прыводзім верш пераможцы Марыі Мартысевіч:

ХЛЕБ СЬВЯТОГА АНТОНІЯ

Што ж ты адразу на станцыю – вось, глядзі:
коміны тут абвівае вінаград Гаўдзі,
жабка на браме, на флюгеры – тоўсты дзік
хрумкае мёрзлымі яблыкамі цыклёна.
Пальмы на кожным падворку – такое дзі-
ва: з плястыкавых бутэлек паўстае Барсэлёна.

Камусьці жыццё тут – спрэс нянавісьць і страх,
хтосьці ж збірае ў скрыні бітую ках-
лю, і расьпіханыя па закутах
сьнежнай адрыны каўчэгі бітае кахлі.
Ліштвы вэрандаў – такое Тбілісі, што вах –
Нібы прывет ад Гагі, Дато і Кахі.

Калі ж напаўзае цень з навакольных лясоў,
Наганяючы сон галасамі балотных соў,
Падуяй падаецца – даруй, Тбілісо, –
вёска – чаго не прымроіш зімой у сутоньні.
Пахі выразьней ветрыш у шэрым сьвятле:
картэзіяне зноў выпякаюць хлеб.
Дзякую вам за бохан на хісткім стале,
Госпад мой – сейбіт і пекар – сьвяты Антоні.

БОЛЕЙ ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ НА BUDZMA.BY

Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай