У Мінску адбудзецца экскурсія да 125-годдзя Максіма Багдановіча

Як у кожнага прыстойнага класіка, у Максіма Багдановіча народзіны можна адзначаць двойчы. Да юбілею па старым стылі – 27 лістапада – музей класіка і творчая суполка “Вежа міру” падрыхтавалі экскурсію. Калі вы лічыце, што ў Беларусі няма чаго глядзець пра Багдановіча, які і памёр маладым і быў тут два з паловай разы, то вось вам тызер.

Арганізатары паводзяць вас спачатку па Мінску, а пасля павязуць у Ратамку, Краснае, Ракуцёўшчыну і назад у Мінск. Дарэчы, сам Максім быў у сталіцы апошні раз восенню роўна сто гадоў таму. Нарадзіўся ён у Траецкім прадмесці (не там, дзе цяпер музей!), а хрысцілі малога ў Петрапаўлаўскім саборы, што быў раней уніяцкім храмам, а цяпер адноўлены як канцэртная зала “Верхні горад”.

Пасля пераезду ў Расію Максім бываў у Беларусі двойчы: у 1911 і 1916 годзе.

Другі раз ён наведаў Мінск і правёў тут пяць месяцаў, так што ўжо некалькі месцаў знітаваныя з лёсам паэта. Найперш – драўляная хатка (там ён таксама не нарадзіўся!), унікальны помнік драўлянага дойлідства горада. Пэўны час гэты будынак здымала суполка інтэлігенцыі “Беларуская хатка”, якая рабіла там сталоўку і прытулак для бежанцаў падчас Першай сусветнай вайны. Пасля тут жыў Змітрок Бядуля з сёстрамі, а ў адным з пакояў пасяліўся Багдановіч.

Пушкінская бібліятэка стала ўлюбёным месцам Максіма, дзе той мог наталіць прагу ведаў пра Беларусь, мову і гісторыю. Тут ён бавіў увесь вольны час. Шмат часу Багдановіч праводзіў за любаваннем новенькім тады Чырвоным касцёлам.

Дарэчы, з тым візітам звязаная і цікавая рамантычная гісторыя, як Багдановіч ліставаўся з дачкой Ядвігіна Ш. У іх быў яскравы эпісталярны раман, які, мажліва, прымусіў Максіма нават не забраць атэстат з ліцэя, а хутчэй ірвацца ў Мінск, каб сустрэцца з таямнічай асобай (бо дзяўчына ніяк не пагаджалася даслаць сваё фота).

У прытулку для дзетак бежанцаў навучанне ішло па-беларуску, што захапляла Максіма і займала яго. Гэты прытулак на лета вывозілі ў Карпілаўку да Ядвігіна Ш, Туды наведваўся Багдановіч, і разам з Зоськай Верас яны забіралі дзетак і перавозілі іх у Ратамку. І гэта адзін з пунктаў экскурсіі.

А далей будуць мясціны, дзе бываў паэт пры першым наведванні радзімы і дзе натхніўся і склаў свой “Вянок”. Прыезд прыпаў на час, калі хлопец скончыў гімназію і яшчэ не паступіў у ліцэй. Тады Луцкевічы запрасілі Максіма ў фальварак Ракуцёўшчына пад Маладзечнам, куды можна трапіць толькі праз Краснае. Там Багдановіч правёў тры месяцы, багата вандраваў па ваколіцах, а экскурсанты цяпер змогуць наведаць музей, атрымаць пачастункі і некалькі сюрпрызаў.

Па вяртанні ў Мінск наведнікі экскурсіі завітаюць нарэшце ў літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе для іх зладзяць батлеечную пастаноўку. Сам паэт у былыя часы моцна ўразіўся такім тэатрам і ажно марыў мець такую шафу. Яго мару ажыццявілі ў музеі. А пасля перапынку там пройдзе святочны канцэрт з удзелам Рамана Яраша, Віктара Сямашкі, Міхаіла Бараноўскага і Алесі Сівохінай.

Сачыць за падрыхтоўкай экскурсіі можна тут.

Марыя Грыц, budzma.by