У Мінску адкрыўся месяц польскай літаратуры
Адмыслова да гэтай падзеі ў кнігарні адкрылася «польская шафа». Вядоўца імпрэзы Андрэй Хадановіч прадставіў шэраг твораў польскай літаратуры, у тым ліку аўдыёкніг.
На пачатку імпрэзы амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка добра выказаўся пра беларускіх перакладчыкаў польскай літаратуры, але адзначыў што заўсёды карысна чытаць арыгіналы твораў.
Цягам месяца на розных пляцоўках у Мінску адбудзецца шэраг літаратурных імпрэзаў. А сённяшняя вечарына завяршылася канцэртам Змітра Вайцюшкевіча, які мае ў сваім рэпертуары альбом на вершы польскага паэта Рафала Ваячка.
Далейшая праграма месяца польскай літаратуры (уваход вольны):
8 кастрычніка (аўторак), 19-00
Прэзентацыя кнігі аднаго з найбольш яскравых сучасных паэтаў Польшчы Рышарда Крыніцкага "Дакрануцца". З удзелам аўтара і перакладчыка Андрэя Хадановіча. Галерэя “Ў” (пр-т Незалежнасці, 37А)
15 кастрычніка (аўторак), 16-00
Кніжная выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Юльяна Тувіма. З удзелам даследчыкаў творчасці Тувіма, літаратуразнаўцаў, перакладчыкаў. Інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, 1 паверх, п. 110).
22 кастрычніка (аўторак), 18-00
Тэатралізаваная прэзентацыя перакладу камедыйных п'ес драматурга Аляксандра Фрэдры "Помста" і "Дзявочыя зарокі". На прэзентацыі акторы Купалаўскага тэатра разыграюць некалькі ўрыўкаў з твораў драматурга. З удзелам перакладчыкаў Андрэя Хадановіча і Марыі Мартысевіч. Вядучы — Лявон Баршчэўскі.
Рэпетыцыйная сцэна Купалаўскага тэатра (вул. Энгельса, 7).
30 кастрычніка (серада), 19-00
Прэзентацыя кнігі Марка Эдэльмана і Паўлы Савіцкай "У геце было і каханне". З удзелам рэдактаркі кнігі Інэсы Кур'ян, перакладчыкаў Веранікі Бандаровіч і Юрася Барысевіча, прадстаўніцы польскага габрэйскага музея, а таксама аўтара ідыш-беларускага слоўніка Алеся Астравуха. Адкрыццё міні-фотавыставы "Боль. Шхоль" мастачкі Дзіны Даніловіч. Музычнае аздабленне — ансамбль клезмераўскай музыкі "Мінскер Капэлье". Галерэя “Ў” (пр-т Незалежнасці, 37А).
Галіна Абакунчык, svaboda.org