У Мінску назвалі пераможцаў прэміі «Дэбют» (ФОТА)

Зараслава Камінская і Сяргей Дубавец

Прэмія “Дэбют” уручаецца пераможцам ужо ў восьмы раз. Яе атрымліваюць, па меркаваннях журы, лепшы пісьменнік, паэт і перакладчык, узрост якіх не перавышае трыццаці пяці гадоў.

Сяргей Дубавец, сябар журы прэміі, сказаў, што яго дэбют быў трыццаць пяць гадоў таму: “Я не ведаю, хто якую матывацыю меў, калі пісаў гэтыя кнігі. Нехта, магчыма, хацеў выдаць кнігу. Але што мне, чытачу, да гэтага? Магчыма, нехта хацеў атрымаць грошы. Добрая матывацыя, але што мне да яе? Калі я чытаў кнігі намінантаў на прэмію, то звяртаў увагу на тое, ці намагаўся аўтар здзівіць свет. Гэта насамрэч шчаслівыя выпадкі, калі ў кнігах дэбютантаў ты знаходзіш нешта, што застаецца з табой і далей. Усе прадстаўленыя кнігі напісаныя з беларускімі рысамі. Гэта важна. Далей людзі могуць пісаць пра што заўгодна. Але важная сённяшняя закваска, бо без яе яны не змогуць стаць літаратарамі сусветнага ўзроўню”.

Усе намінанты на прэмію прачыталі са сцэны фрагменты са сваіх перакладаў і мастацкіх твораў.

У намінацыі “Пераклад” лаўрэатам стала трыа перакладчыц: Ганна Комар, Юля Цімафеева, Наталля Бінкевіч з кнігай “Чарльз Букоўскі. Святло, і паветра, і месца, і час”.

Ідэя належыць перакладчыцы-ўкладальніцы кнігі Ганне Комар: “Букоўскі трапіў да мяне гады чатыры таму. Я стала перакладаць яго для сябе. Але аднойчы Андрэй Хадановіч сказаў фразу, напэўна, з якой часта ўсё пачынаецца: “А чаму б не?”. Тады я звярнулася да Юліі Цімафеевай. Мне асабіста хацелася паказаць Чарльза Букоўскага такім, якім я яго адчула”.

Юлія Цімафеева ж прызналася, што была настроена скептычна. І скепсіс захоўваўся нават тады, калі яна рэдагавала тэксты. “Напэўна, гэта таму, што я была ўжо далёка не навічок у гэтай справе”, — прызналася Юлія.

Лаўрэаткай прэміі “Дэбют” у намінацыі “Проза” стала Зараслава Камінская з кнігай “Русалкі клічуць”.

Мадэратар сустрэчы Андрэй Хадановіч папрасіў сказаць “Два словы” аўтарку, пасля таго, як яна даведалася, што перамагла. Зараслава здолела сказаць толькі “Дзякуй! Дзякуй!”.

У намінацыі “Паэзія” не было вылучана лаўрэатаў. Марыйка Мартысевіч як сябра журы патлумачыла гэта тым, што, па-першае, сярод намінаваных аўтараў журы не пачула істотнага голасу ў паэзіі, па па-другое, было прадстаўлена толькі тры кнігі.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч сказаў, што сёлета большая ўвага надавалася празаічным кнігам, якія выдавалася як вынік працы маладых літаратараў у Школе маладога пісьменніка. Магчыма, гэты факт абумовіў малую колькасць паэтычных твораў, якія былі прадстаўлены на конкурсе.

Але журы вырашылі скарыстацца магчымасцю спец-прэміі, якая прапісана ў статуце. Яна была адданая Ігару Кулікову “за маштабнасць і адвагу ў перакладніцкіх праектах, адкрыццё новых магчымасцей і вымярэння мовы”. Ігар пераклаў з санскрыту кнігу “Рыгведа. Кола І”.

Пераможцы прэміі ў кожнай з намінацыяў атрымалі чэк ад Фонду “Вяртанне” на суму, эквівалентную 2000$ .

_____________

Сёлета ў журы прэміі ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Міхал Бараноўскі, Павал Бераговіч, Марына Весялуха, Сяргей Дубавец, Марыя Мартысевіч, Усевалад Сцебурака.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, Дабрачынным фондам “Вяртанне” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі — Віталь Рыжкоў, Андрусь Горват, Наталка Харытанюк, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Міхал Бараноўскі, Адэля Дубавец, Ганна Янкута, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Оаро, Кацярына Маціеўская, Аляксей Палачанскі, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач і інш.

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org