У Мінску пачаўся суд над сябрам СБП Алесем Бяляцкім

2 лістапада ў Менску праходзіць працэс над кіраўніком праваабаронцачага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесем Бяляцкім.

12.26 Хадайніцтваў у бакоў больш няма. Суд пераходзіць да судовага сьледзтва. Пракурор зачытвае абвіанавачваньне Бяляцкаму.

12.20 Бяляцкі заявіў суду, што па-ранейшаму настойвае, каб увесь працэс яму перакладалі на родную мову.​​

12.19 Пісьменьнік Барыс Пятровіч: "Алесь Бяляцкі — сябра нашай арганізацыі. Мы прыйшлі, каб падтрымаць яго. Каб сваёй прысутнасьцю аказаць яму падтрымку, каб сказаць, што мы яго паважаем, што з павагай ставімся да ягонай працы. І спадзяемся, што ўсё будзе справядліва і мы хутка ўбачымся зь ім на волі".

12.18 Перакладчыца зачытвае пастанову па-беларуску, робіць памылкі і зьбіваецца, шмат русізмаў. Часам гэта  выглядае як пераклад у Гугле, жартуюць калегі.

12.16 Судзьдзя адхіліў хадайніцтва адваката, каб Бяляцкаму зьмянілі меру стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску пра нявыезд. Абгрунтаваньне тое ж – "цяжкае злычынства", у якім абвінавачваецца падсудны.

12.15 Працэс аднавіўся. Алеся прывялі назад у клетку і публічна зьнялі кайданкі.

12.00 Кіраўнік расейскага праваабарончага цэнтру "Мэмарыял" Алег Арлоў: "Я прыехаў, бо Алесь — мой сябар. Мы зь ім даўно знаёмыя. Я яго ведаю як сьмелага і цудоўнага чалавека і сапраўднага праваабаронцу. Гэта найперш. Па-другое, я прыехаў, бо судзяць майго калегу, праваабаронцу. Гэта палітычны працэс. Гэта трэба бачыць, назіраць і, чым можна, дапамагчы Алесю. Спачатку ўлады ствараюць усе ўмовы, калі ў супярэчнасьці з нормамі права грамадзкія арганізацыі ня могуць працаваць, ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб яны не працавалі. І потым пад надуманымі падставамі, нібыта чалавек парушае крымінальнае заканадаўства, судзяць. Згадаем, што законы існавалі і ў нацысцкай Нямеччыне. Але потым гэтых судзьдзяў судзілі за тое, што яны выконвалі гэтыя нібыта законы. Бо закон можа быць, але ён ніякага дачыненьня да права ня мае. Вось мы сутыкаемся тут роўна з гэтым жа самым".

11.55 Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч: "Мы назіраем працэдуру палітычнай расправы над праваабаронцам, над чалавекам, які вельмі шмат значыць для беларускай грамадзянскай супольнасьці. І зараз проста адбываецца акт за актам па той драматургіі, якую сёньняшні рэжым для сябе абраў. Таму, безумоўна, мы не чакаем ад суду ніякага ўсебаковага, аб'ектыўнага разгляду гэтай справы. Мы толькі разьлічваем, што палітычны момант абавяжа сёньняшні рэжым выпусьціць Алеся Бяляцкага. Бо ён — закладнік сёньняшняга палітычнага рэжыму, які можа дзеля сваіх нейкіх там гульняў, патрэбаў проста яго вызваліць,бо гэта адпавядае сёньняшняй палітычнай каньюнктуры".

Тое, што многія, хто хацеў патрапіць на працэс, не атрымалі візы, гэта таксама частка такой палітычнай расправы над Бяляцкім. І, безумоўна, сёньняшні рэжым абсалютна не зацікаўлены, каб вельмі вядомыя людзі ў сьвеце, якія заступіліся за Алеся, маглі прысутнічаць тут і падтрымаць яго". 

11.51 Іну Кулей ахова вывяла з судовай залі за тое, што яна апранула майку з партрэтам Бяляцкага. Сказалі, што больш у залю ня пусьцяць. Заступніцтва Аляксандра Мілінкевіча не дапамагло.

​​10.40 Праваабаронца Алег Воўчак: "Прыйшоў падтрымаць свайго калегу Алеся Бяляцкага. Бо гэта працэс ня толькі адносна Бяляцкага, а адносна ўсяго праваабарончага руху. Гэтае судовае паседжаньне незаконнае, не было юрыдычных падстаў для пачатку крымінальнай справы супраць Алеся. Але мы павінны ўсё гэта зафіксаваць на судзе і потым зрабіць маніторынг і аналіз і паказаць нацыянальнай і міжнароднай грамадзкасьці, што справа надуманая, гэта ўсё пабудавана на псэўдадоказах. Гэта расправа над праваабаронцамі за тое, што пасьля 19 сьнежня аказалі падтрымку палітвязьням, іх сем'ям. Гэта была насамрэч моцная падтрымка грамадзянаў. Ну, і ўлады хочуць пасеяць страх, каб людзі баяліся супрацоўнічаць з праваабаронцамі. 

11.24 Судзьдзя зноў пайшоў у дарадчы пакой, каб вынесьці рашэньне па хадайніцтву пра зьмену меры стрыманьня.

11.20 Судзьдзя агалошвае пісьмовае хадайніцтва адваката, якое знаходзіцца ў матэрыялах справы, пра зьмену стрыманьня: "Адсутнічаюць дастатковыя падставы і неабходнасьць утрыманьня Бяляцкага пад вартай".

11.15 Адвакат заяўляе новае хадайніцтва: запатрабаваць з пунктаў пропуску дзяржаўнай мяжы акты мытнага дагляду Бяляцкага ў часе ягоных замежных паездак. Бяляцкі падтрымаў. Пракурор зноў супраць, кажа што ў матэрыялах справы няма зьвестак, што на Бяляцкага склададліся нейкія акты мытнымі службамі. Судзьдзя адхіліў хадайніцтва "на дадзеным этапе працэсу".

11.05 Суд задаволіў хадайніцтва пра пераклад дакумэнтаў справы пра абарот грошай з замежных моваў. З гэтых дакумэнтаў можна высьветліць мэтавае прызначэньне сумаў, якія пералічваліся.

Адвакат просіць запатрабваць дадатковыя дакумэнты з падаткавай інспэкцыі пра разьлік прыбыткаў і выдаткаў Бяляцкага за 2000-2010 гады. Пракурор супраць.

Судзьдзя пастанавіў на дадзенай стадыі судовага разьбіральніцтва адхіліць гэтае хадайнцтва.


11.00 Адвакат просіць далучыць да матэрыялаў спарвы копіі скаргаў. Перакладчыца за ім перакладае. Але адвакат кажа, што ён так ня можа чытаць. Адвакат вырашыў сам зачытаць хадайніцтва па-беларуску і далей агучвае хадайніцтва на цудоўнай беларускай мове.

10.55 Бяляцкі папарсіў перакладчыка. Ён знайшоўся ў залі.

Перакладчыца Кацярына Ермакова п
радстаўленая суду. Яна падпісала адпаведныя дакумэнты. Яе пасадзілі побач з адвакатам.

Судзьдзя просіць яму не перакладаць паказаньні Бяляцкага. Але Бяляцкі настойвае, што судзьдзя можа памыліцца: «Я магу сказаць сябар саюза пісьменнікаў, а вы патлумачыце – друг". Зал адрэагаваў на гэтую рэпліку Бяляцкага воплексамі.

Судзьдзя ўсё ж вырашыў, што ён дастаткова разумее беларускую мову, а калі што сам папросіць перакласьці.

10.53 Судзьдзя забараніў відэазапіс працэсу. апэратары пакінулі залю.

10.49 Працэс аднавіўся . Судзьдзя адхіліў хадайніцтва пра зьмену меры стрыманьня. Судзьдзя патлумачыў сваё рашэньне тым, што Бяляцкі падазраецца ва ўчыненьні "цяжкага злачынства".

10.25 На працэсе кароткі перапынак. Судзьдзя пайшоў у дарадчы пакой, каб вырашыць пытаньне пра зьмену меры стрыманьня.

10.17 Адвакат просіць далучыць даведку, што Бяляцкі сябра СБП і творчую характарыстыку на яго. Адвакат зачытвае творчую характарыстыку СБП на Бяляцкага, як літаратара, стваральніка музэя Багдановіча, аўтара некалькіх кнігаў.

Адвакат пералічвае шматлікія міжнародныя прэміі Бяляцкага, літаратурныя і праваабарончыя.

Пракурор заявіў, што правы Бяляцкага ня будуць парушаныя, калі працэс будзе весьціся па-расейску, бо сьведкі давалі паказанні па-расейскау, і па-расейску існуюць законы.

Судзьдзя адхіліў хадайніцтва весьці працэс па-беларуску, бо ў краіне існуе 2 дзяржаўныя мовы.

"А калі нейкія тэрміны будуць незразумелыя, то будзе прадстаўлены перакладчык", — заявіў судзьдзя.

10.14 Бяляцкі адказвае на пытаньні судзьдзі па-беларуску. Кажа, што ён творчы працаўнік, праваабаронца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Судзьдзя заявіў падсуднаму, што калі ён недастакова валодае расейскай мовай, на якой вядзецца працэс, то мае права даваць паказаньні і пісаць хадайніцтвы па-беларуску.

Бяляцкі падаў хадайніцтвы аб зьмяненні меры стрыманьня і вядзеньні працэсу па-беларуску.


10.12 Працэс пачаўся. Судзьдзя Сяргей Бандарэнка. Адвакат Зьміцер Лаеўскі. Пракурор Зайкоўскі. У залю таксама здолелі патрапіць Уладзімер Някляеў разам з жонкай Вольгай, старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, праваабаронцы Алег Гулак, Гары Паганяйла. Відэаапэратарам дазволілі здымаць пачатак працэсу.

9.50 Жонкі Бяляцкага ў судзе няма. Сам праваабаронца прасіў, каб яна не прыхлодзіла. У залі суду – дыпляматы з ЗША і краінаў Эўразьвязу: кіраўнік амбасады ЗША Майкл Скэнлан, амбасадар Нямеччыны, прадстаўнікі амбасадаў Францыі і Вялікай Брытаніі, амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, амбасадар Польшчы Лешэк Шарэпка. У судзе прысутнічаюць Аляксандар Мілінкевіч, Іна Кулей, Зьміцер Дрозд, Алег Воўчак, былы адвакат Павал Сапелка, літаратары Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін.


9.15 Ля будынку суду дзяжураць некалькі аўтобусаў са спэцназам міліцыі. На пляцоўцы побач з судом забароненая паркоўка. Ля дзьвярэй залі, дзе будзе слухацца справа, пачынаюць  зьбірацца людзі — праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці. У судзе ўжо знаходзіцца намесьнік Бяляцкага па «Вясьне» Валянцін Стэфановіч.

Пачатак заплянаваны на 10.00

Крымінальну справу будзе весьці судзьдзя Першамайскага раёну Сяргей Бандарэнка.

Працэс будзе праходзіць у памяшканьні суду Маскоўскага раёну, бо ў Першамайскім судзе, які месьціцца ў старым будынку, малыя залі судовых паседжаньняў.

Адрас Маскоўскага суду: пр. Газэты «Праўда», 27

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць ў турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.


Напярэдадні амбасады Беларусі ў розных краінах адмаўляліся выдаваць візы міжнародным праваабаронцам, якія зьбіраліся прыехаць у Менск на судовы працэс над Алесем Бяляцкім.

Беларускае пасольства ў Парыжы ня выдала візу прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасэн, спаслаўшыся на непажаданасьць яе прысутнасьці ў Менску.

У візе адмоўлена кіраўніку праграм праваабарончай арганізацыі Сivil Right Defenders Мары Мэнсан (Швэцыя), праваабаронцам з Нарвэгіі Ане Бандэ і Дайве Петкевічуце, якія прадстаўляюць Фонд "Дамоў правоў чалавека", прадстаўніцы Partnership for Human Rights Марыяне Роча (Бэльгія).

Беларусь таксама адмовіла ў візе прадстаўніку Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Берыт Ліндэман.

Фота – Радыё Свабода.

svaboda.org