У Мінску прайшла прэзентацыя новых выданняў беларуска-рускага і руска-беларускага слоўнікаў

«Беларуска-рускі слоўнік» (4-е выданне) і «Русско-белорусский словарь» (10-е выданне) з улікам зменаў у правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі прэзентаваныя 21 снежня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа ў Мінску.

Зараз у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» выданы ўсе тры тамы руска-беларускага слоўніка і два з трох — беларуска-рускага, апошні том павінен выйсці да канца гэтага года.

Першыя выданні слоўнікаў убачылі свет у 1953 і 1963 гадах адпаведна, іх распрацоўкай займаліся Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка ды іншыя значныя фігуры беларускай літаратуры і мовазнаўства. Галоўным рэдактарам сучасных выданняў слоўнікаў выступіў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец.

На прэзентацыі мовазнаўца адзначыў, што слоўнікі, падрыхтаваныя з улікам новых правіл арфаграфіі і пунктуацыі, будуць вельмі запатрабаваныя ўсімі тымі, хто «карыстаецца пісьмовай беларускай мовай, а таксама тымі ўстановамі, якія забяспечваюць навучанне на беларускай мове».

У каментарыі БелаПАН Лукашанец распавёў, што ў апошняе выданне слоўнікаў уключана новая актуальная лексіка, якая пашырылася ў беларускім маўленні ў апошнія дзесяцігоддзі. Гэта найперш тыя запазычанні, для якіх важна арфаграфічная ўніфікацыя і якія шырока выкарыстоўваюцца.

Апрача слоў, якія прыходзяць у беларускую мову з іншых моў, у слоўніку таксама адлюстраваная «велізарная колькасць слоў, якія з’яўляюцца менавіта на беларускай моўнай глебе». Аднак, як зазначыў філолаг, для кожнай такой моўнай адзінкі павінен прайсці пэўны час апрабацыі, каб яна трапіла ў слоўнік.

nn.by