У Мінску прайшла вечарына памяці расстраляных паэтаў


На імпрэзу завітаў акадэмік Радзім Гарэцкі, пляменнік Максіма Гарэцкага. Ён распавёў, што калі савецкая ўлада прыйшла на Беларусь і распачала свой тэрор, браты Гарэцкія разам з Янкам Купалам былі ў Смаленску, але праз газеты атрымлівалі інфармацыю пра тое, што адбываецца. “Я быў тады як непрытомны”, – пісаў Янка Купала. Яшчэ ў Смаленску Максім Гарэцкі пачаў пісаць “Дзве душы”.

““Дзве душы” можна параўнаць з “Бесамі” Дастаеўскага, -- перакананы Радзім Гарэцкі, -- бо Максім Гарэцкі ў ёй прадбачыў і свой лёс, і лёс краіны, і лёс савецкай улады. У выніку, у 1922 годзе Максім Гарэцкі быў пасаджаны палякамі”.

Радзім Гарэцкі распавядаў пра пераследы бацькі і дзядзькі, але ён перакананы: 1937 – быў самы страшны год. У 1937 годзе Максіма Гарэцкага пасадзілі. У 1938 – расстралялі.

Злева направа: Радзім Гарэцкі, Таццяна Грыневіч, Марат Гаравы, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Сідарэвіч, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Міхась Скобла

Уваход у літаратурныя Курапаты

Даследчыца і літаратуразнаўца Ірына Багдановіч вывучала архівы КДБ. Яна выпісвала ў свой нататнік прозвішчы паэтаў, а побач – дату іх смерці. І жахнулася, калі ў 23 прозвішчаў дата была адна і тая ж: 30 кастрычніка 1937 года.

“Да апошніх гадоў у СССР панавала фальсіфікацыя датаў смерці паэтаў, -- узгадвае Ірына Багдановіч. – Толькі адна дата супала з той, якую нам давалі ў падручніках”.

Ірына Багдановіч вылучыла ключавое слова, якое датычыцца рэпрэсаваных паэтаў: памяць.Творы расстраляных паэтаў мусяць вывучацца студэнтамі: “Толькі праз пакаянне дзяржава можа глядзець у будучыню. Дзяржава мусіць паставіцца да гэтай Фабрыкі смерці, як і да печаў Асвенцыма. Сённяшні дзень мусіць стаць у Беларусі днём памяці”.

Рэпрэсіі паэтаў-замежнікаў і паэтак

Ад савецкай улады ў Беларусі пакутавалі не толькі беларусы. Лявон Баршчэўскі, укладальнік зборніка “Планета паэтаў”, распавёў пра паэта Юлія Таўбіна: “Юлій Таўбін – той паэт, які нарадзіўся, але не змог пажыць. Гэта габрэй, які нарадзіўся ў Расіі, але пераехаў з бацькамі ў Мсціслаўль”.

За вершы паэта выслалі. А пасля высылкі была тая злашчасная ноч, якая спыніла яго жыццё.

Літаратуразнаўца Аксана Данільчык прадставіла анталогію жаночай паэзіі "Бліскавіцы" і распавяла пра паэтак, якія таксама пацярпелі ад рэпрэсій.

“Тыя аўтаркі, якія ўліліся у літаратуру да 1930-ых гадоў, у 1930-ыя гады замоўклі амаль усе. Гэта сведчыць пра тое, што пісаць тады было проста немагчыма”.

Аксана Данільчык зачытала вершы Канстанцыі Буйло, муж якой быў расстраляны, Наталлі Вішнеўскай, жонкі расстраляннга Алеся Дудара, Валянціны Казлоўскай, якая была расстраляная ў 1938 годзе. І канечне, на імпрэзе быў прачытаны верш Ларысы Геніюш, якая пацярпела пасля вайны, бо да гэтага жыла за мяжой.

Вынішчэнне моладзі

Эсэіст і гісторык Анатоль Сідарэвіч сказаў, што слова “рэпрэсія” яму не даспадобы. “Гэта быў тэрор. Гэта было свядомае вынішчэнне моладзі, бо сярод расстраляных паэтаў у асноўным – была моладзь”.

Спадар Анатоль прывёў прыклады арыштаў паэтаў у 1920-ыя гады, якія былі адзінкавыя. Пасля ён стаў прыводзіцць прыклады масавых арыштаў і расстрэлаў, якія пачаліся ў 30-ыя гады.

“Усё ішло на тое, каб запужаць людзей, -- перакананы Анатоль Сідарэвіч. -- А страх вельмі цяжка пасля вырваць з генаў”.

Літаратуразнаўца Міхась Скобла на імпрэзе таксама звярнуў увагу на тое, расстраляныя творцы былі вельмі маладыя: Міхасю Чароту было 40 гадоў, Міхасю Зарэцкаму – 35 гадоў, Алесю Дудару – 32 гады, Алесю Салагубу – 27 гадоў…

“Гэтыя хлопцы адчувалі сябе абаронцамі сваёй дзяржавы. Яны ішлі на смерць за Беларусь”, -- перакананы Міхась Скобла.

Бард Таццяна Грыневіч аздобіла вечарыну спевамі на вершы Уладзіміра Дубоўкі, Сяргея Новіка-Пяюна, Ларысы Геніюш. “Як жыць – дык жыць для Беларусі. А без яе – зусім не жыць”, -- прагучалі прарочыя словы Геніюш.

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org