У Мінску прэзентавалі "Рым" Славаміра Адамовіча

15 сакавіка ў мінскай штаб-кватэры Партыі БНФ адбылася прэзентацыя шостай кнігі паэзіі паэта і грамадскага дзеяча, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў Славаміра Адамовіча «Рым».
У прадмове да кнігі празаік Васіль Якавенка назваў Адамовіча «адчайным і рашучым, простым і шчырым, адораным і адукаваным, суцэльным і моцным».
Як адзначыў Адамовіч, паэзія, як і іншыя віды мастацтва, не трывае мітусні і фальшы. «Трэба не спяшацца жыць, але пражываць свой век трэба на поўную», — падкрэсліў паэт. Ён выказаў надзею, што яго тэксты адпавядаюць гэтаму прынцыпу, «бо як жывеш, так і пішаш».
Па яго словах, вялікая частка зборніка напісаная ў Нарвегіі. «У гэтай краіне мая годнасць дазваляла мне збіраць пустыя бутэлькі і на атрыманыя грошы выдаць кнігу», — сказаў Адамовіч. У вершах кнігі, адзначыў ён, гучыць тэма душэўнага супраціву — адстойвання гонару і годнасці чалавека.
Цяпер Адамовіч працуе над раманам «Цана Еўропы», частка якога апублікаваная ў першым нумары часопіса «Дзеяслоў» за 2011 год.
Паэт выказаў словы падтрымкі Уладзіміру Някляеву, які, па казаў Адамовіч, трывае «абуральны маральны ціск, які мацней фізічнага, калі яму не дазваляюць сустрэцца з дачкой, а ў яго доме пастаянна сядзяць незнаёмыя».
За арганізацыю прэзентацыі Адамовіч выказаў шчырую падзяку намесніку аргкамітэта руху салідарнасці «Разам» Аляксандру Макаеву — свайму сукамерніку па Жодзінскай турме, дзе яны адбывалі адміністрацыйны арышт «за ідэю» пасля падзей 19 снежня на сталічнай плошчы Незалежнасці.
Свае песні ўдзельнікам прэзентацыі выканалі барды Юлія Фралова (разам з сястрой Вольгай) і Таццяна Беланогая.