У Мінску прэзентавалі анталогію Лявона Баршчэўскага

Лявон Баршчэўскі

Каб павіншаваць вядомага знаўцу замежных моў, у кнігарні сабраліся сябры і калегі спадара Лявона. У гэты вечар Баршчэўскі выступаў толькі ў адной сваёй праяве - як перакладчык, хоць ведамы ён і сваёй шматгадовай працай у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Коласа -- як выкладчык і адміністратар, і сваёй палітычнай дзейнасцю: некалі Лявон Баршчэўскі стаяў ля вытокаў адраджэння беларускай незалежнасці ў складзе дэпутацкага корпусу Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце. 

Лявон Баршчэўскі: "Я спачатку думаў выдаць кнігу да 60-годдзя, але мне сказалі – а чаго цягнуць? Дзякуй Саюзу беларускіх пісьменнікаў за тое, што падтрымалі з усіх бакоў. Бо перакладчыкі – гэта як крокі за сцэнай. Але дзякуючы таму, што ёсць узаемаразуменне і дапамога, атрымліваецца і выходзіць з ценю."

Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч: "За час сваёй працы спадар Лявон фактычна стварыў паўнавартасную хрэстаматыю еўрапейскай і сусветнай літаратуры на беларускай мове. Кніга гэтая даўно чаканая і самім перакладчыкам і шматлікімі прыхільнікамі ягонага таленту, якія ведаюць большасць гэтых твораў паводле часопісных і газетных публікацый, у тым ліку і “дзеяслоўскіх”. Шмат што з гэтых тэкстаў чулася і ў падарожжах з перакладчыкам, на слых успрымалі гэтыя творы вучні гуманітарнага ліцэю імя Коласа. У нас вельмі рэдка цяпер выходзяць персанальныя анталогіі перакладчыкаў, у серыі “Кнігарня пісьменніка” кніга Лявона Баршчэўскага другая. Першай была “Разам з пылам” Андрэя Хадановіча, дзе былі змешчаны вершы больш 40 аўтараў, перакладзеныя з сямі моваў. У новай жа кнізе – больш за сотню аўтараў, перакладзеныя з 32 моваў. Ці быў у гісторыі Беларусі яшчэ такі выпадак, каб перакладчык працаваў з такой колькасцю моў? Можна прыгадаць хіба Рыгора Барадуліна, але ў той жа час Лявон Баршчэўскі заўсёды перакладае з арыгіналу, без падрадкоўнікаў. Колькасць і аб’ём зробленага ўражвае. Уражвае яшчэ і тое, наколькі блізка Лявон Баршчэўскі перадае арыгінал, і інтанацыйна, і рытмічна, і нават па вымаўленні. Рэдка хто з перакладчыкаў мог настолькі добра перадаваць замежны паэтычны тэкст."

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў. "Калі быў студэнтам тэхнікума электрасувязі, то ў нас была практыка – залезці на мінскую тэлевежу і паяць антэну. Вежа высокая, дзвесце метраў, хістаецца ў бакі, як і кожны высотны аб’ект. І вось, памятаю, залез, працу не раблю, а гляджу ў розныя бакі на Менск. Думаю, вось яна, далячынь, дарогі, вуліцы – і каго ж я на тых дарогах сустрэну? І сустрэў я недалёка ад гэтай антэны Лявона Баршчэўскага! І акалічнасці той я вельмі рады. Ведаеце, ёсць людзі, з якімі пасядзіш і пагаворыш, а тады пачынаеш думаць пра жыццё горш і любіць жыццё менш. А бывае наадварот: пасля сустрэчы пачынаеш думаць пра людзей лепш і любіць жыццё больш. Другі выпадак – пра Лявона Баршчэўскага.

Я здзіўляюся, што пры такой занятасці ён паспявае столькі рабіць. Барадулін насамрэч пераклаў вельмі шмат, але моваў столькі ён, канечне, не ведаў, ды і ставіўся да перакладу зусім па-іншаму: “Валодзя, а якая тут найлепшая метафара?” – “Вось гэтая” – “Ну, дык давай яе возьмем, а ўсё астатняе дапішам”. Я не скажу, што гэта заўсёды шкодны падыход: бо часам і нават вельмі часта ў Барадуліна атрымлівалася на выхадзе ўсё значна лепш, чым у арыгінале. Баршчэўскі, Сёмуха – гэта акадэмічная, класічная школа перакладу".

Аляксандра Кажарская

Кніга “І боль, і прыгажосць…” улучае ў сябе больш за 250 твораў, напісаных сотняй аўтараў і аўтарак на трыццаці мовах свету. Зборнік можа выкарыстоўвацца ў якасці хрэстаматыі на занятках і семінарах па замежнай літаратуры ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах – бо імёны аўтараў пачынаюцца з Сапфо, Анакрэона, Катула праз аўтараў-трубадураў і мінезінгераў да паэтаў Рэнесансу, Барока, Класіцызму і аж да класікаў сусветнай паэзіі ХХ стагоддзя. Тым больш зручнай яна будзе для студэнтаў і выкладчыкаў, што побач з перакладамі падаюцца і ўсе арыгіналы.

Андрэй Хадановіч

Зміцер Колас і Лявон Баршчэўскі

 

Вечарына Лявона Баршчэўскага, акрамя выступаў ягоных калег, якраз і была напоўненая водарам размаітых сусветных фанетыкаў: гучала то працяжная французская, то строгая нямецкая й шведская, то знаёмыя згукі суседніх летувіскай, рускай моваў. Анталогія Лявона Баршчэўскага дае цудоўную магчымасць не толькі чытаць сусветную паэзію ў выдатным перакладзе, але і вывучаць самыя арыгіналы. Разам з героем вечарыны пераклады чыталі ягоныя сябры і рэдактары Андрэй Хадановіч і Зміцер Колас.

Злева: Андрэй Хадановіч, Людка Сільнова, Зміцер Колас

Тэкст: ЦЧ, фота: ВТ