У Мінску прэзентавалі новы класічны дэтэктыў (+ФОТА)

Ксенія Шталенкова

“Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах” — гэта другая кніга Ксеніі Шталенковай, якая была створана ў межах праекту “Школа маладога пісьменніка: Другі год” (2016-2017 гг.) пры падтрымцы ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Але, калі ў папярэдняй кнізе “Адваротны бок люстра” Ксенія перанесла чытачоў у Вільню, то ў новай кнізе падзеі адбываюцца ў 1875 годзе ў горадзе Мінску.

“Пасля першай кнігі чытачы сталі мяне запытваць: чаму менавіта Вільня? І я пачала задумвацца пра тое, каб напісаць гісторыю пра Мінск, — узгадвае Ксенія. — Я даведалася пра некаторыі здарэнні, якія адбываліся ў Мінску ў 19 стагоддзі, у прыватнасці, пра фальсіфікацыю манет. Гэта і стала зачэпкай для напісання твору”.

Праўда, у выніку атрымалася, што толькі 1% са 100% у тэксце з’яўляецца праўдай. Ксенія патлумачыла гэта тым, што калі яна сочыць за праўдзівасцю гістарычных фактаў, то тады ў яе рассыпаецца прыгодніцкая лінія.

“Губернскі дэтэктыў” як класічны дэтэктыў

Людміла Рублеўская пераканана, што Ксенія Шталенкова — гэта прадстаўніца беларускага класічнага дэтэктыву: “Не ўсе ўдзельнікі Школы маладога пісьменніка выдалі кнігі. У кагосьці таленту шмат, але яму лянота пісаць. Нехта вельмі хоча пісаць, а ў яго наўпрост гэта не атрымліваецца. У Ксеніі — залатая сярэдзіна. У яе ёсць талент і неверагодная працаздольнасць. Пры тым, яна выдатна разбіраецца і ў гісторыі, і ў структуры твора”.

Па словах Людмілы Рублеўскай, залог паспяховага дэтэктыву — гэта герой. У “Губернскім дэтэктыве” героям стала панна Пракшына, маладая дзяўчына, якая робіць гімнастыку па ранках і неверагодна любіць жыццё.

Акрамя традыцыйнай для дэтэктыву лініі расследванняў, у тэксце Шталенковай прысутнічае і лінія кахання. “Тут шмат хто кажа пра класічны дэтэктыў. Звычайна ў дэтэктывах каханне не замешваецца. Але я падумала, што без кахання немагчыма”, — падзялілася Ксенія.

Ціхан Чарнякевіч быў захоплены стылем твору: “Калі чытаеш, складваецца ўражанне, што кніга сапраўды напісана ў тым часе. Мне падалося, што гэта сапраўды ўзорны класічны дэтэктыў”.

Сама Ксенія кажа пра тое, што “ствараць” мову другой паловы 19 стагоддзя было нялёгка. Спачатку аўтарка ўжывала ў тэксце як мага больш замежных слоў — англійскіх, французскіх, польскіх… Але пасля было прынятае рашэнне прыбраць значную частку з іх.

Як дэтэктыў стаў “Губернскім”?

Калі Ксенія думала пра назву твора, яна захацела ўключыць туды слова “дэтэктыў”. Раптам ёй падказалі ідэю “Губернскага дэтэктыву”. Аўтарка актыўна пачала гугліць гэтую назву. Высветлілася, што такая назва была ў рубрыцы адной з Ноўгарадскіх газет, дзе публікаваліся матэрыялы пра крымінальныя здарэнні розных часоў. “Цікава, што мая гераіня калісьці жыла ў Ноўгарадзе, — смяецца Ксенія. — Таму я палічыла такія супадзенні за лёс і вырашыла хуценька патэнтаваць гэтую назву”.

Сюжэт Ксенія прыдумала не адразу. Спачатку з’явіўся першы раздзел. Праз некалькі месяцаў стаў пісацца другі. Да апошняга Ксенія не ведала, хто будзе злачынцам у творы. Напісаўшы два раздзелы, аўтарка раілася са сваімі блізкімі, збірала меркаванні пра герояў. “Нарэшце я прадумала нечаканку, тады дапісала сярэдзіна. Але я не хацела, каб забойца з’явіўся ніадкуль”. Людміла Рублеўская заўважыла, што “класіка дэтэктыву — гэта падказкі для чытача на працягу ўсяго тэксту”.

Падчас дыскусіі чытачы заўважылі, што ў тэксце вельмі шмат добра прапісаных дэталяў. “Калі я пісала першую кнігу, — узгадвае Ксенія, — мне рабілі заўвагі, што ў мяне мала дэталяў. Таму мне захацелася, каб гэтая кніга была іншая”.

Чаму ў Беларусі не так шмат сучасных дэтэктыўных твораў?

Падчас дыскусіі, калі гаворка зайшла пра беларускія дэтэктывы, удзельнікі змагла пабудаваць ланцужок беларускіх “дэтэктыўшчыкаў”: “Караткевіч—Рублеўская—Шталенкова”. Чаму мы не кажам пра іншых пісьменнікаў?

Наста Грышчук выказалася наступным чынам: “Часта чытаеш дэтэктвы і разумееш, што аўтары пішуць не пра герояў… Замест дэтэктыўнага сюжэту, ты атрымліваеш, у выніку, пігулку беларускасці, якая старанна маскіруецца. У “Губернскім дэтэктыве” гераіня любіць жыць і разгадваць загадкі. Нацыянальнае пытанне тут усё адно паўстае, калі ўзнікае гісторыя з веравызнаннем. Але гэты твор пісаўся не з мэтай паказаць беларускасць, беларуская мова тут толькі як сродак. На жаль, часта бывае, што ўвесь сэнс кнігі пераўтвараецца ў адно нацыянальнае пытанне”.

Людміла Рублеўская ўпэўнена, што новая кніга Ксеніі Шталенковай толькі пачатак серыі. Тым больш, у канцы твора стаіць не кропка, а пытальнік.

Тэкст і фота: Вікторыя Чаплева, для lit-bel.org