У Мінску прэзентавалі праект «Малевіч для дзяцей»

Падчас мерапрыемства выступілі аўтары кнігі, дзіцячы ансамбль «Весянчук» выканаў галоўную песню праекта «Намалюй!», у канцы мерапрыемства быў паказ мультыплікацыйнага кліпа, створанага дзецьмі разам з мастаком Bazinato пра жыццё і творчасць Казіміра Малевіча.

На прэзентацыі таксама выступіў Аляксандр Зіменка, куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, з заявай аб падтрымцы і сумеснай працы над трэцяй кнігай «Дзіцячых творчых майстэрняў» галерэі «Ў», якая будзе прысвечана Парыжскай школе. Першая кніга была выдадзена мінулай вясной — «Мастацтва Беларусi ХХ cт: Вiцебская школа». Мерапрыемства арганізавана пры падтрымцы краўдфандынгавай пляцоўкі Ulej.by.

«Малевіч для дзяцей» — другая кніга «Дзіцячых творчых майстэрняў» галерэі «Ў» з серыі пра мастацтва Беларусі. Першая «Мастацтва Беларусі ХХ ст: Вiцебская школа» была выдадзеная дзякуючы краўдфандынгу вясной мінулага года. Асаблівасць абедзвюх кніг — іх простая і зразумелая мова, на якой тлумачыцца творчасць мастакоў. Гэта не сухія хрэстаматыі, а зборнікі ілюстрацый, казак, вершаў і гульняў, якія дапамагаюць дзіцяці разабрацца ў здавалася б складаных пытаннях, звязаных з мастацтвам. У гэтых кнігах не проста можна, а трэба маляваць. Да другой кнігi ўсе казкі напісаў Адам Глобус, а вершы — Андрэй Хадановіч і Лявон Вольскі. Кніга была выдадзена пры падтрымцы некамерцыйнай арганізацыі The Malevich Society. Частка накладу была падорана дзіцячым бібліятэкам Мінска.

«Малевіч для дзяцей» — гэта не толькі кніга, але шматпланавы праект. Спецыяльна для кнігі Лявон Вольскі напісаў песню «Намалюй!». Таму «Дзіцячыя творчыя майстэрні» галерэі «Ў» прынялі рашэнне правесці краўдфандынгавую кампанію на запіс песні ў выкананні дзіцячага ансамбля і стварэнне мультыплікацыйнага кліпа да яе. Кампанія была паспяхова завершана ў студзені гэтага года, і ўжо на прэзентацыі праекта 11 сакавіка гледачы змаглі ўжывую бачыць выступ дзяцей з фальклорнага ансамбля «Весянчук» пад кіраўніцтвам Надзеі Чугуновай (салісткі гурта «Shuma», праект «Каzalpin»). Мультыплікацыйны кліп на загалоўную песню праекта быў зроблены дзецьмі Мартай Кісцень і сёстрамі Варварай і Аляксандрай Жалязняк пад кіраўніцтвам мастака-даследчыка Bazinato і рэжысёркі Яніны Рашчынскай.

Над праектам працавалі: «Дзіцячыя творчыя майстэрні» галерэі "Ў" (Сафія Садоўская, Bazinato, Ірына Лукашэнка, Вольга Мжельская), Адам Глобус, Лявон Вольскі, Андрэй Хадановіч, Валянцін Акудовіч.

Фота Кацярыны Раханскай, Новы Час