У Мінску прэзентуюць кнігу вершаў Антона Францішка Брыля

У чацвер 21 ліпеня, у 19:00, у кнігарні "ЛогвінаЎ" адбудзецца прэзентацыя кнігі Антона Францішка Брыля “Не ўпаў жолуд”. Аўтар паведамляе, што на прэзентацыі чакаецца многа міфапаэтыкі, патаемны люд, дзіўныя цені, паасобныя цмокі і да таго падобныя прыемныя сэрцу рэчы, і пачуваецца абавязаным папярэдзіць: пра ўсё гэта будзе гаварыцца ўсур’ёз.

У якасці перакладчыка ідэалагічна вернай і духоўна блізкай брытанскай паэзіі ў прэзентацыі возьме ўдзел Ганна Янкута. Адносна некалькіх іншых магчымых удзельнікаў нічога пакуль нельга сказаць пэўна, аднак ходзяць чуткі пра магчымы выступ куратара серыі “Галерэя Б” Ігара Бабкова, у якой і была выдадзеная кніга “Не ўпаў жолуд”.

Адрас кнігарні “логвінаЎ”: Мінск, пр. Незалежнасці, 37а — у дварах за домам “Подзвіг народа”, што на пл. Перамогі.

prajdzisvet.org