У Мінску развіталіся з Аляксеем Каралём

Акрамя кветак і вянкоў, кожны ахвотны мог пакінуць запіс у “Кнізе памяці”, а таксама прамовіць тое, чаго не паспеў сказаць спадару Аляксею пры жыцці.    

Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар Салідарнасці:

– Мы не развітваемся з Аляксеем Каралём. З намі назаўсёды застанецца зробленае ім – спадчына Караля... Спадар Аляксей быў не проста галоўным рэдактарам, не проста журналістам. Ён – з таго пакалення, пра якое кажуць – “сумленне нацыі”. Сёння гэтага сумлення стала менш. Але, як напісаў Ігар Мельнікаў у “Новым часе”, “адным анёлам на нябёсах стала больш”.

Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА “БАЖ”:

– Ёсць у нашым жыцці людзі, не абцяжараныя ўладай, нейкімі высокімі выбарнымі пасадамі, але якіх заўсёды адчуваеш, разумееш і вельмі цэніш. Гэта маральныя аўтарытэты. Для кіраўніцтва БАЖ Аляксей Кароль быў якраз маральным аўтарытэтам. Усё яго жыццё ў журналістыцы было дэманстрацыяй у добрым сэнсе слова ўпартасці, цвёрдасці, мужнасці... Я вельмі рада, што Таццяна Мельнічук паспела зрабіць матэрыял з Аляксеем Сцяпанавічам. Мяне закранула цытата: “Самае яркае, самае выбітнае, што было ў маім жыцці, – гэта свабода самарэалізацыі, асалода свабоды слова. Я яе адчуваю фізічна...” А яшчэ ўразіла тое, як ён любіў свой калектыў і спрыяў росквіту талентаў у ім. І казаў, што ў рэдакцыі ў яго няма наймітаў, а ўсе – блізкія людзі і аднадумцы...

Уладзімір Арлоў, пісьменнік:

– Сыход Аляксея – гэта цяжкая страта для ўсёй нашай краіны, для ўсёй нацыі, бо Аляксей заўсёды мысліў агульнанацыянальнымі катэгорыямі і ў адпаведнасці з гэтым будаваў сваё жыццё. Ён быў не толькі рэдактарам, палітолагам, вучоным. Ён не проста адчуваў і даследаваў гісторыю з яе непрадказальнасцю, парадаксальнасцю, іроніяй. Ён быў сярод тых, хто сваімі ўчынкамі ствараў гісторыю, ствараў плоць нашага найноўнашага часу...

Кажуць – пра мёртвых альбо добра, альбо нічога: “Aut bene aut nihil”. Менш вядомае іншае лацінскае выслоўе: “Aut bene aut veritas”“Альбо добра, альбо праўду”. Таго, з кім мы развітваемся сёння, не трэба ідэалізаваць. Усё добрае, што мы кажам пра Аляксея Караля, і ёсць святой праўдай.

Як найлепш ўшанаваць памяць нашых мёртвых? Відаць, толькі паўнатою свайго ўласнага жыцця і працягам іх справаў. Няхай так і станецца.  

Аксана Колб, в.а. галоўнага рэдактара газеты "Новы час":

– Ён кожнаму з нас дапамог – альбо справай, альбо парадай. Для кожнага з нас знаходзіў словы. А ў нас зараз словаў не знаходзіцца... Адзінае, што магу сказаць, – мы пастараемся працягнуць справу яго жыцця. Мы будзем выдаваць “Новы час” да той пары, пакуль у нас хопіць моцы, а ў нашых чытачоў – жадання нас чытаць...

Аляксея Караля пахавалі 25 верасня на Паўночных могілках Мінска.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"