У Мінску развіталіся з Рыгорам Барадуліным

Непапраўная страта аб’яднала беларусаў усіх узростаў і канфесій — сярод тых, хто прыйшлі ўшаванаць памяць Рыгора Іванавіча, былі і маладыя мамы з дзеткамі на руках, і юнакі, для якіх барадулінскія радкі сталі не проста вершамі са школьнай праграмы, але і сведчаннем таленту, чалавечнасці і служэння свайму народу, і людзі сталага веку, якія яшчэ памятаюць Рыгора Барадуліна маладым. Менавіта тады, у 1960-я, калі выспела так званае “філалагічнае пакаленне”, прыйшоў у літаратуру Рыгор Барадулін. Прыйшоў, каб зрабіць неацэнны ўнёсак у яе і каб застацца ў ёй назаўжды.

Выказаць спачуванні родным і блізкім Рыгора Іванавіча, удаве Валянціне Міхайлаўне Барадулінай прыйшлі сябры, калегі, прыхільнікі ягонай паэзіі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі краіны. Адбыліся памінальныя службы ў грэка-каталіцкім і рыма-каталіцкім абрадах, гучала беларуская дуда, вершы ў запісе, чытаныя Рыгорам Іванавічам.

Правесці паэта ў апошні шлях, сярод многіх іншых, прыйшлі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч (Старшыня і намеснік Старшыні ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”), Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская (ЗБС “Бацькаўшчына”), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Алег Трусаў (Таварыства беларускай мовы), Андрэй Хадановіч, Марына Шода, Ганна Янкута, Павел Анціпаў (Беларускі ПЭН-цэнтр). Выказалі спачуванні і прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, розных дзяржаўных арганізацый і ведамстваў.

Смуткавалі творцы, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, якія найчасцей былі поруч з Рыгорам Іванавічам апошнія гады і дапамагалі яму: укладальніца “Вушацкага словазбору” Наталля Давыдзенка, даследчык Сяргей Шапран, малады паэт і журналіст, адзін з вучняў Рыгора Іванавіча Глеб Лабадзенка, блізкі сябар Барадуліна Алесь Камоцкі, паэтэса Людміла Паўлікава-Хейдарава.

Развіталіся з Рыгорам Іванавічам яго калегі, пісьменнікі Валянціна Аксак, Эдуард Акулін, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Бутэвіч, Пятро Васючэнка, Анатоль Вярцінскі, Навум Гальпяровіч, Валеры Дубоўскі, Галіна Дубянецкая, Максім Жбанкоў, Сяргей Законнікаў, Васіль Зуёнак, Мікола Кандратаў, Віктар Карамазаў, Уладзімір Колас, Алесь Мара, Серж Мінскевіч, Уладзімір Някляеў, Сяргей Панізнік, Алесь Разанаў, Вячаслаў Рагойша, Вячаслаў Ракіцкі, Сяргей Сыс, Віктар Шніп і многія іншыя.

Ушанавалі памяць Народнага паэта і маладзейшыя літаратары: Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Анатоль Івашчанка, Алена Казлова, Алена Карп, Павел Касцюкевіч і Марыя Мартысевіч, Сюзанна Паўкштэла, Марыя Пушкіна, Усевалад Сцебурака, Віка Трэнас, Ціхан Чарнякевіч.

Пахавалі Рыгора Барадуліна, згодна з апошняй воляй паэта, ва Ушачах, побач з магілай маці Куліны Андрэеўны.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"