У Мінску згадалі Андрэя Макаёнка

У Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры 23 лістапада адбылася вечарына, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння драматурга народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка (12.11.1920–16.11.1982).

Паэт і грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі адзначыў жанравую разнастайнасць драматургічнай творчасці Макаёнка. Паводле слоў Вярцінскага, Макаёнак напісаў розныя па структурна-кампазіцыйнай форме творы: камедыю-рэпартаж, сатырычную камедыю, камедыю — сентыментальны фельетон і трагікамедыі. «Для майго пакалення літаратараў ён быў не толькі выбітным гумарыстам-праўдалюбам, але і настаўнікам у прыгожым пісьменстве», — сказаў Вярцінскі.

Як заўважыў даследчык творчасці Макаёнка член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сцяпан Лаўшук, сярод усіх беларускіх драматургаў Макаёнак вызначаўся тым, што разам з Кандратам Крапівой ставіў для сябе найвышэйшыя творчыя задачы. «Яго сатырычная камедыя „Выбачайце, калі ласка!“, напісаная ў 1953 годзе, стала буйнай мастацкай з`явай ў гісторыі не толькі беларускай, але і савецкай драматургіі», — адзначыў Лаўшук. Паводле яго слоў, п`есы Макаёнка з`яўляюцца «гонарам беларускага тэатра, хаця ніводная з іх не ставілася без бою».

Вучоны назваў драматурга «выдатным майстрам, які не баяўся вучыцца, чалавекам, які вельмі дапамагаў людзям і мог зайсці ў самы высокі кабінет, каб сказаць вялікаму начальству пра яго нікчэмнасць».

«Яго вельмі не хапае нам зараз, бо сама прысутнасць гэтага чалавека не дазваляла многім рабіць гадасці», — падкрэсліў Лаўшук.

Ён назваў «бядой нацыянальнага тэатра тое, што творы Макаёнка і Крапівы зараз не ставяцца». Лаўшук выказаў надзею, што «бліскучыя п`есы драматурга» вернуцца на айчынную сцэну. «Тым больш што яго п`есы і пра наш час, і калі іх паставіць, у тэатры валам бы валіў народ», — лічыць вучоны.

nn.by